навіны

Ад трывогі і неспакою да перанапругі і дэпрэсіі: як уратаваць сваё псіхічнае здароўе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
podpis źródła zdjęcia

Кожны чацвёрты беларус мае праблемы з псіхічным здароўем, а ад дэпрэсіі пакутуюць 5 % насельніцтва. Такую стыстыку агучылі ў Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце. У Сусветнай арганізацыі здароўя не пагаджаюцца і падаюць крыху большую лічбу – больш за 5,5 %. Чаму так адбываецца і як распазнаць у сябе псіхічны разлад, «Белсату» распавялі псіхолагі.

Адкуль у беларусаў узнікае дэпрэсія?

Дырэктарка Еўрапейскага інстытуту сучаснай псіхатэрапіі Ганна Матуляк лічыць, што па сутнасці дэпрэсія – гэта праблемы з адаптацыяй:

,,

«Калі псіхіка не можа адаптавацца да тых умоваў, якія змяняюцца і выдае такую рэакцыю. У Беларусі гэта нядзіўная гісторыя, таму што людзі вымушаныя жыць у падвойнай рэальнасці. Вельмі шмат пачуццяў, перажыванняў душыць».


Сярод найбольш распаўсюджаных сімптомаў дэпрэсіі называюць бессань, трывогу, сталы страх, адчай, апатыю, стомленасць, перамены настрою, абыякавасць, зніжэнне апетыту.

Існуе і гэтак званая замаскаваная дэпрэсія, калі чалавек пасміхаецца і нібыта ў яго ўсё добра. Аднак такі разлад найбольш небяспечны, бо гэткія людзі нікому не скажуць пра свой стан. На замаскаваную дэпрэсію, дарэчы, цярпелі некаторыя славутыя асобы, у тым ліку лідар рок-гурта «Нірвана» Курт Кабэйн і брытанскі мадэльер Алекзандэр Маккўін.

Як жа распазнаць такую невідавочную праблему?


Паводле практычнага псіхолага Сяргея Чумака, чалавек мае быць у пэўнай меры праінфармаваны, чаму такія праблемы ўзнікаюць. І калі ёсць бессань, страта апетыту, галаўны боль, думкі пра смерць і самагубства, то гэта трывожны званочак.

«Калі чалавек разумее, што гэта з'яўляецца, а прычыны відавочнай няма, то чалавек мусіць сказаць блізкім або пайсці да псіхолага», - кажа Сяргей Чумак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Праблема дэпрэсіі палягае ў тым, што шмат выпадкаў застаецца незаўважанымі, бо людзі не звяртаюцца па адмысловую дапамогу. І гэта, адзначаюць эксперты, характэрна не толькі для Беларусі, але і для іншых постсавецкіх краінаў.

«У нас ніколі не прывівалася культура звароту да псіхолага. У параўнанні з заходнім, цывілізаваным светам, дзе псіхолаг – як зубны лекар, сямейны лекар, да якога людзі ходзяць, бо разумеюць, што трэба хадзіць у нейкі пэўны перыяд. У нас жа ёсць пэўныя стэрэатыпы, навязаныя яшчэ з мінулым, што калі я пайшоў да псіхолага, то значыць, я не пры сваім розуме».

Асабістая кансультацыя псіхолага або онлайн – сёння такі выбар кожны можа зрабіць сам. Паводле Ганны Матуляк, дапамога пры дэпрэсіі можа быць эфектыўнай у абодвух выпадках.

Але, як кажуць, ёсць нюансы. 

,,

«Зараз у стагоддзе лічбавых тэхналогіяў вельмі шмат у полі лічбавым спецялістаў з не заўсёды пацверджанай кваліфікацыяй. Таму, калі ласка, вельмі звяртаю на гэта ўвагу, клапаціцеся пра сябе. Трэба каб вы ведалі, што вы сапраўды звяртаецеся да спецыяліста».


Псіхолаг можа толькі западозрыць дэпрэсію на падставе сімптомаў, а вось дыягназ паставіць толькі псіхіятр або псіхатэрапеўт. Яны ж і прызначаюць лячэнне.

«Не заўсёды можна даць рады толькі словам. Таму калі ваш спецыяліст, з якім вы працуеце, кажа, што лепш да псіхіятра падыйсці на кансультацыю, і ён пабачыць, што неабходныя лекі - трэба браць лекі», - тлумачыць псіхолаг
Наталля Скібская.

У лячэнні псіхічных разладаў сёння набіраюць папулярнасць і не зусім традыцыйныя метады. Напрыклад, каністэрапія (тэрапія з выкарыстаннем спецыяльна навучаных сабакаў).

На дадзены момант Беларусь знаходзіцца ў топ-10 краінаў свету з найвышэйшым узроўнем дэпрэсіі. Дарэчы, першыя ў гэтым рэйтынгу – Украіна, ЗША і Аўстралія.


Ірына Юр'ева, Мрыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10