навіны

Два расейскія МіГі ў Беларусі: Кабанчук не выключае ўдараў па Украіне

img
Знішчальнік МіГ-31К. Фота: Кірыл Навуменка / airwar.ru
podpis źródła zdjęcia

Міністр абароны ў Пераходным кабінеце ў каментары «Белсату» выказаў некалькі версіяў, навошта летакі перакінулі ў нашую краіну.

«Беларускі Гаюн» паведаміў, што ўчора і сёння ў Беларусь прыляцелі два знішчальнікі МіГ-31К. Абодва прызямліліся ў Мачулішчах пад Менскам.


Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук у каментары «Белсату» не выключыў, што летакі перакінулі ў Беларусь, каб схаваць ад украінскіх ракетаў і дронаў:


«Мы ведаем, што ўкраінская зброя дастае ўсё далей і далей углыб тэрыторыі Расеі, у тым ліку пад ударам расейскія аэрадромы. Перадыслакацыя гэтых МіГаў, якія з’яўляюцца носьбітамі ракетаў „Кінжал”, можа быць спробаю захаваць іх і фактычна схаваць у Беларусі, прыкрыцца ад украінскіх далёкабойных дронаў і ракетаў».


Пры гэтым цалкам верагодна, што рыхтуецца правакацыя або ўдары па Украіне з паветранай прасторы Беларусі:

,,

«Можа быць і такое, што рыхтуецца нейкая правакацыя. Мы ж ведаем, што з тэрыторыі Беларусі ў 2022–2023 гадах было нанесена па Украіне звыш 700 ракетных удараў, у тым ліку з дапамогаю летакоў. Цяпер жа ў выпадку нанясення ўдараў з тэрыторыі Беларусі, як гэта рабілася раней, мяркую, будзе непазбежны адказ, і адказ будзе па тэрыторыі Беларусі».


Кабанчук таксама нагадаў, што кожны раз, як знішчальнік узнімаецца ў неба, ва Украіне абвяшчаюць паветраную трывогу:


«Гэта чарговы скачок эскалацыі, бо ва Украіне вымушаныя штораз абвяшчаць паветраную трывогу пры ўзніманні гэтых летакоў з аэрадромаў».

Жыхары Кіеву чакаюць у метро сканчэння паветранай трывогі. Фота: The Media Center Ukraine / mediacenter.org.ua
Жыхары Кіеву чакаюць у метро сканчэння паветранай трывогі. Фота: The Media Center Ukraine / mediacenter.org.ua

Зрэшты, беларускі вайсковы эксперт на ўмовах ананімнасці сказаў «Белсату», што наўрад ці знішчальнікі прыляцелі ў Беларусь, каб атакаваць Украіну. З МіГаў запускаюць ракеты «Кінжал», далёкасць якіх – 2 тысячы кіламетраў, такім чынам, няма патрэбы гнаць лятак у нашую краіну:


«Калі б былі планы „накрыць” нейкую цэль, то, мяркую, у Беларусь прыляцеў бы больш сур'ёзны нарад гэтых знішчальнікаў. Вядома, што іхная цэль – заглыбленыя сховішчы, бліндажы, ангары самалётныя, аднак звычайна для паражэння такіх цэляў выкарыстоўваецца некалькі групаў такіх самалётаў».


Да таго ж атака Украіны з тэрыторыі Беларусі можа справакаваць удары ў адказ, а Аляксандру Лукашэнку гэта зусім не патрэбна:

,,

«Украіна можа абстраляць шмат якія важныя беларускія прадпрыемствы сваімі ракетамі, і нават „HIMARS”, таму Лукашэнка будзе сядзець ціха, яму канфлікт не патрэбны».


Аналітык не сумняецца, што Лукашэнка казаў Уладзіміру Пуціну: рабі, што хочаш, толькі не з маёй тэрыторыі.

,,

«Палаючая Беларусь і Расеі не патрэбна, бо да лініі баявога сутыкнення дадасца яшчэ 1200 кіламетраў беларуска-ўкраінскай мяжы, і спатрэбяцца рэзервы, якіх Расеі ледзь стае, каб адбіваць наступ украінцаў у Курскай вобласці і падтрымоўваць тэмп наступу ў Данбасе».


Суразмоўца «Белсату» схіляецца да версіі, што галоўнае прызначэнне расейскіх МіГаў у Беларусі – дэманстрацыя ў адказ на «план Дунды», украінскага дэпутата, які заявіў аб неабходнасці «перанесці баявыя дзеянні ў Беларусь».


«Мяркую, што гэта такі інфармацыйны выпад пасля візіту Лукашэнкі ў Маскву – прылёт гэтых двух МіГаў. Імаверна, гэта нават ініцыятыва Расеі», – сказаў эксперт.

Украінскія вайскоўцы 26-й артылерыйскай брыгады страляюць з самаходнай гаўбіцы AHS Krab па расейскіх пазіцыях ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 30 верасня 2024 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News
Вадзім Кабанчук: Украіна мае права атакаваць Беларусь навіны

Ён пры гэтым мяркуе, што ідэя дэпутата Вярхоўнай Рады з фракцыі кіроўнай партыі «Слуга народу» не была выпадковаю:


«Хаця Лукашэнка заявіў, што гэта словы асобы, якая ні за што не адказвае, але ў гэтым свеце ўсялякія заявы невыпадковыя. Мяркую, гэта быў элемент інфармацыйнай атакі, узгодненай з кіраўніцтвам фракцыі і, імаверна, нават з Зяленскім, і меўся прыстрашыць Лукашэнку, каб той не надта далёка зайшоў у сваіх хаўрусніцкіх стасунках з Расеяй».


«Беларускі Гаюн» нагадвае, што расейскіх знішчальнікаў кшталту МіГ-31К не было ў Беларусі паўтара гады, з леташняга красавіка.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10