навіны

Арменія можа выдаць аднаго з арыштаваных беларусаў

Уладзіміру Баландзіну пагражае экстрадыцыя. Фота: svaboda.org
Уладзіміру Баландзіну пагражае экстрадыцыя. Фота: svaboda.org
podpis źródła zdjęcia

Паводле звестак радыё «Свабода», Арменія можа перадаць 36-гадовага Уладзіміра Баландзіна лукашэнкаўскім сілавікам. Адвакаты Баландзіна сцвярджаюць, што ён трапіў пад крымінальны пераслед за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Пра магчымую экстрадыцыю грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Баландзіна паведаміла ягоная адвакатка Ані Чатыньян.

«У пенітэнцыярнай установе Ванадзору ён даведаўся, што найбліжэйшым часам яго маюць экстрадаваць, для чаго яго перавялі ў адну з пенітэнцыярных установаў у Ерэване», сказала адвакатка.

Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн. Ён застаецца ў турме ўжо 7 месяцаў.

Паводле звестак афіцыйнага Менску, на радзіме Баландзіна абвінавачваюць у нібыта растраце. Між тым адвакаты беларуса сцвярджаюць, што вырабніка мэблі Баландзіна прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года.

«Яго сталі пераследаваць пасля таго, як ён як і тысячы грамадзянаў пастанавіў удзельнічаць у дэманстрацыях, сходах і маршах у краіне», сказала Ані Чатыньян.

Генеральная пракуратура Арменіі пастанавіла выдаць Баландзіна 31 траўня. Пастанову аспрэчвалі ў армянскіх судах, але без плёну. Пры гэтым адвакатка сцвярджае, што экстрадыцыю Баландзіна могуць адмяніць, калі Служба міграцыі і грамадзянства задаволіць ягонае хадайніцтва аб прытулку.

У ванадзорскім офісе Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, што ўзяў на сябе абарону беларуса, лічаць пастанову аб экстрадыцыі незаконнаю. На думку праваабарончай арганізацыі, гэта вынік палітычных дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Арменіяй.

Паводле звестак офісу Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, з Менску паступалі патрабаванні аб экстрадыцыі яшчэ сама меней двух грамадзянаў Беларусі, аднак армянскі бок іх не задаволіў. Гэтыя беларусы атрымалі статус уцекачоў у Арменіі. Беларусь абвясціла іх у вышук за нібыта «ўхіленне ад вайсковай службы», але праваабаронцы сцвярджаюць, што крымінальныя справы супраць іх завялі за ўдзел у мітынгах супраць Лукашэнкі.

Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10