Віцебскі актывіст Аляксей Тамілаў, якога летась моцна збілі ў ІЧУ, памёр ва ўзросце 52 гадоў. У Аб'яднаным пераходным кабінеце выказалі глыбокія спачуванні родным і блізкім памерлага, а таксама зазначылі, што адказнасць за гэтую трагедыю нясе рэжым Аляксандра Лукашэнкі.
Пра смерць Аляксея Тамілава паведаміла «Віцебская вясна». Мужчына не ўваходзіў у апазіцыйныя партыі або рухі, але быў неабыякавым да жыцця Беларусі і роднага гораду, аматарам роднай мовы і культуры.
У сакавіку 2023 года Аляксей Тамілаў трапіў пад міліцэйскі хапун, што праводзілі віцебскія сілавікі. У выніку апынуўся ў ІЧУ: у ягоным тэлефоне міліцыянты знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы. Суд прызнаў яго вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП і пакараў адміністратыўным арыштам. Падчас адбыцця арышту Аляксея моцна збілі ахоўнікі – ён трапіў у рэанімацыю з пнеўматораксам, зламанымі рэбрамі і пераломам калена. Усвядоміўшы наступствы, міліцыянты пачалі пагражаць Аляксею, што завядуць крымінальную справу, калі ён надумае пісаць скаргу пра збіццё.
Пасля нанесеных траўмаў здароўе Аляксея да канца не аднавілася, зазначаюць праваабаронцы.
Прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская заявіла, што смерць Аляксея Таміліна – жахлівая трагедыя, да якой прывёў тэрор супраць беларусаў.
«Сёння мы гаворым пра яшчэ адну смерць беларуса, якая не можа стаць для нас статыстыкай. Гэта не проста трагедыя адной сям'і, гэта трагедыя беларусаў, бо вось ужо больш за 4 гады рэпрэсіўная машына не проста не спыняецца, а кожны раз заходзіць на новы віток», – канстатавала Зазулінская.
Намеснік Зазулінскай у Кабінеце, доктар Станіслаў Салавей, зазначыў, што ў нармальнай краіне мужчына не павінен паміраць у 52 гады.
,,«Тое, што перажыў Аляксей у 2023 годзе, не магло не адбіцца на яго здароўі. Тыя траўмы, якія ён атрымаў, – пералом нагі, разрыў лёгкага – павялічваюць рызыкі трамбозаў, а такім чынам і інсульту. Яго смерць не вынік натуральных працэсаў, а вынік тых траўмаў і таго гвалту, якія ён перажыў. На жаль, Аляксей папоўніў спіс тых, хто загінуў у выніку развязаных уладамі рэпрэсіяў», – падкрэсліў ён.
Аб’яднаны пераходны кабінет выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім Аляксея Тамілава і заклікае беларусаў да салідарнасці.
Глеб Нержын belsat.eu