Пробашч парафіі Сэрца Езуса ў вёсцы Крулеўшчына Віцебскай вобласці, ксёндз-канонік Юрый Бараўнёў, якога затрымалі 7 кастрычніка, быў пакараны 10 соднямі адміністратыўнага арышту.
Пра гэта паведамляе «Хрысціянская візія».
Ксяндза Юрыя Бараўнёва абвінавацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Што канкрэтна сілавікі кваліфікавалі як «распаўсюд», невядома. Суд прызначыў каталіцкаму святару 10 содняў арышту.
«Хрысціянская візія» зазначае, што Віцебская вобласць ёсць лідарам у затрыманнях каталіцкіх святароў. Усяго з 2020 года праз адміністратыўныя арышты прайшоў 31 ксёндз – з іх 13 з Віцебскай дыяцэзіі.
З 8 траўня 2024 года за кратамі застаецца ксёндз Анджэй Юхневіч, таксама з Віцебскай вобласці. Яму пагражаюць фальшывымі абвінавачаннямі ў злачынствах супраць сексуальнай недатыкальнасці непаўналетніх, што можа сур'ёзна пашкодзіць ягонай рэпутацыі.
У верасні скончылася следства ў справе супраць пробашча рымска-каталіцкай парафіі ў Валожыне, ксяндза Генрыха Акалатовіча. Неўзабаве мае адбыцца суд. Святара абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».
Глеб Нержын belsat.eu