навіны

Парламенцкія выбары ў Літве распачаліся. Хто пераможа і чаго чакаць беларусам?

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выбарніца, якая ўзяла ўдзел у датэрміновым галасаванні на парламенцкіх выбарах у Літве. 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Vrk.lt
podpis źródła zdjęcia

У Літве ад 8 кастрычніка праходзяць парламенцкія выбары. Пакуль трывае датэрміновае галасаванне першага туру, фінал другога туру – 27 кастрычніка. «Белсат» расказвае, што вядома пра гэтыя выбары, хто на іх можа перамагчы і што з таго беларусам.

Наколькі важны парламент у Літве ?

Аляксандр Лукашэнка выступае на Форуме саюзу жанчын у Менску, Беларусь. 17 верасня 2020 года. Фота: TUT.BY / AFP / East News
Палітычны шлях Лукашэнкі: ад папулізму да таталітарызму навіны

Літва – дзяржава, у якой важныя ролі маюць і прэзідэнт, і парламент, які завецца Сеймам (Seimas). Літва – не прэзідэнцкая дыктатура, як Беларусь, нават не прэзідэнцкая дэмакратыя, як Злучаныя Штаты. Але яна і і не парламенцкая, як Злучанае Каралеўства ці Нямеччына. На «парламенцка-прэзідэнцкім спектры» яна бліжэй да змяшаных паўпрэзідэнцкіх, як Францыя ці Украіна; «больш прэзідэнцкая» за Польшчу. Канстытуцыя Літвы, калі параўноўваць з польскай, дае прэзідэнту больш магчымасцяў кіраваць без узгаднення з прэм’ерам і парламентам.


Згодна Канстытуцыі Літвы, Сейм абмяркоўвае і прымае папраўкі ў Канстытуцыю, выдае законы (якія можа падпісаць ці не падпісаць прэзідэнт), засноўвае дзяржаўныя інстытуты і прызначае іхных кіраўнікоў, ухваляе ці не ўхваляе прапанаванага прэзідэнтам прэм’ера і прапанаваную прэм’ерам праграму ўраду, можа выразіць недавер прэм’еру ці любому міністру, прызначае шматлікіх суддзяў, можа зняць прэзідэнта праз імпічмент… І шмат чаго яшчэ – функцыяў хапае.


Як праходзяць выбары?

Авальная зала Дому ўраду Беларусі з нацыянальнаю сімволікаю. (Калаж: Белсат / Палата представителей / Telegram)
Якім мае быць парламент вольнай Беларусі: як яго выбіраць і колькі трэба дэпутатаў? навіны

Схема па беларускіх мерках складаная. Згодна Выбарчаму кодэксу, выбары праходзяць паводле змяшанай сістэмы, на двух напрамках і ў два туры.


70 дэпутатаў выбіраюць паводле прапарцыйнай сістэмы – з партыйных спісаў, у якіх выбарнікі аддаюць перавагу або цэламу спісу, або спісу і прыярытэтна канкрэтным кандыдатам гэтага спісу. Гэтая частка падобная да парламенцкіх выбараў у Польшчы і ў меншай ступені – да выбараў у беларускую Каардынацыйную раду. Прахадны бар’ер для партыі – 5 %, для кааліцыі – 7 %. 


71 дэпутата выбіраюць паводле мажарытарнай сістэмы, у аднамандатных акругах. Гэта крыху падобна да выбараў у Палату прадстаўнікоў у Беларусі – толькі ў Літве дапускаюць апазіцыю і лічаць галасы, а для перамогі кандыдату не дастаткова простай бальшыні галасоў. 


Каб кандыдат быў выбраны ў першым туры, трэба, каб ён набраў больш за палову галасоў пры яўцы звыш 40 % у сваёй выбарчай акрузе або не менш за 20 % галасоў усіх выбарнікаў пры яўцы менш за 40 %. Калі такога не адбываецца, праходзіць другі тур. У ім змагаюцца два кандыдаты, якія набралі найбольш галасоў у першым. На мінулых парламенцкіх выбарах у першым туры выбралі толькі трох дэпутатаў у аднамандатных акругах, 68 былі выбраныя ў другім туры. 


Удакладненне пра яўку важнае, бо ў сямі мінулых парламенцкіх выбарах яўка агулам па краіне вагалася ад 46 да 56 %, толькі на самых першых у 1992 годзе склала звыш 75 %. Але пакуль яўка на датэрміновае галасаванне даволі высокая, прэзідэнту аж давялося пастаяць у чарзе.


Ад 2022 года кандыдатам у Сейм можа стаць чалавек узростам ад 21 года на дзень выбараў (раней было 25), але гэты чалавек павінен пастаянна пражываць у Літве і не быць звязаным прысягай з іншай дзяржавай.


Кандыдатаў і партыяў шмат: 15 спісаў (14 партыяў і 1 кааліцыя), 1740 кандыдатаў (з іх 1089 мужчынаў і 651 жанчына), у аднамандатных акругах балатуюцца 699 чалавек (492 мужчыны і 207 жанчын). Сярод кандыдатаў як мінімум 84 – былыя сябры камуністычных партыяў. Кандыдатаў на гэтых выбарах у Літве ў 6,5 раза больш, чым было на сёлетніх «выбарах» у беларускую Палату прадстаўнікоў.


Хто пераможа?

Пасяджэнне міждзяржаўнага савету Беларусі, Казахстану, Кыргызстану і Расеі. Кіраўнікі дзяржаваў злева направа: Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў, Аскар Акаеў, Барыс Ельцын. Масква, Расея. 22 кастрычніка 1997 года. (Фота: Аляксандр Сянцоў, Аляксандр Чумычаў / Yeltsin.ru)
Колькі кіраўнікоў суседніх дзяржаваў змянілася за апошнія 30 гадоў – і колькі прэзідэнтаў у Беларусі? навіны

У дэмакратычных краінах вынікі выбараў непрадказальныя. Можна толькі арыентавацца на апытанні, якія могуць даваць несапраўдную карціну, і вынікі папярэдніх выбараў, якія могуць не паўтарыцца. Ды і ў літоўскай сістэме адна партыя рэдка атрымлівае абсалютную бальшыню – даводзіцца будаваць кааліцыі.


На мінулых выбарах, што прайшлі ў 2020 годзе, першае месца з 49 мандатамі занялі кансерватары-правацэнтрысты «Саюз Айчыны — Літоўскія хрысціянскія дэмакраты» (TS-LKD), якія склалі кіроўную кааліцыю з правацэнтрысцкім «Рухам лібералаў» (LS або LRLS) і цэнтрысцкай «Партыяй свабоды» (LP), якія атрымалі адпаведна 13 і 10 мандатаў, разам – 72 месцы са 141. 


Правацэнтрысты адбілі першае месца ў левацэнтрыстаў: на пазамінулых выбарах 2016 года найбольш – 54 мандаты – набраў «Звяз сялянаў і Зялёных» (LVŽS), які сфармаваў урад з сацыял-дэмакратычнай працоўнай партыяй, якая цяпер завецца «Партыяй рэгіёнаў» (LRP). На выбарах-2020 «Сяляне і Зялёныя» спусціліся на другое месца з 32 мандатамі і сышлі у апазіцыю.


Цяпер жа вынікі апытанняў выглядаюць так: 

Вынікі апытанняў аб парламенцкіх выбарах у Літве за апошнія 4 гады. 6 кастрычніка 2024 года. Выява: CoaxAndBotany / Wikimedia, CC BY-SA 4.0
Вынікі апытанняў аб парламенцкіх выбарах у Літве за апошнія 4 гады. 6 кастрычніка 2024 года. Выява: CoaxAndBotany / Wikimedia, CC BY-SA 4.0

«Хрысціянскія дэмакраты», калі верыць апытанням, могуць апусціцца на трэцяе месца і страціць каля 10 адсоткавых пунктаў галасоў. Іхныя цяперашнія саюзнікі сумарна могуць страціць пару адсоткавых пунктаў, але пераадолець прахадны бар’ер.


На першае месца даўно выйшла левацэнтрысцкая Сацыял-дэмакратычная партыя (LSDP), якая была кіроўнай у 2001–2008 і 2012–2016 гадах, а на мінулых выбарах здабыла толькі трэцяе месца з 17 мандатамі. Цяпер за яе каля чвэрці апытаных – больш, чым «Хрысціянскія дэмакраты» мелі ў апытаннях перад мінулымі выбарамі. Партыя набрала найбольш перамогаў на муніцыпальных выбарах 2023 года, паказала ў паўтара раза лепшы вынік за мінулыя муніцыпальныя, але на сёлетніх выбарах у Еўрапарламент заняла другое месца і саступіла «Хрысціянскім дэмакратам».


У парламент, імаверна, увойдуць дзве новыя партыі. Зарэгістраваная толькі ў студзені 2024 года партыя «Світанак над Нёманам» (NA) выйшла аж на другое месца ў апытаннях. Утвораны на мяжы 2021 і 2022 гадах «Дэмакратычны звяз „У імя Літвы“» (DSVL) раней быў на трэцім месцы ў апытаннях, цяпер апусціўся на пятае, але цалкам можа перакрочыць прахадны бар’ер.


«У імя Літвы» – левацэнтрсцкая ў эканоміцы і кансерватыўная ў сацыяльных справах, праеўрапейская і даволі «зялёная» партыя. Яе заснаваў былы прэм’ер Літвы (у 2016–2020 гадах) Саўлюс Сквярняліс. Яна адкалолася ад «Сялянаў і Зялёных», магчыма, перадусім праз асабісты канфлікт Сквярняліса з лідарам партыі. Але не факт, што гэты канфлікт перашкодзіць дзвюм партыям супрацоўнічаць у патэнцыйнай кіроўнай кааліцыі.


«Світанак над Нёманам» – партыя, якая апісвае сябе як левацэнтрысцкую, але іншыя бачаць яе папулісцкай правай ці ультраправай, антысеміцкай. Або нават так: левацэнтрысцкай у сацыяльных пытаннях і правай у нацыянальных. Ейны заснавальнік Рэмігіюс Жамайтайціс быў чальцом правай партыі «Свабода і справядлівасць» (PLT), але ў 2023 годзе быў выключаны за антысеміцкія выказванні, а потым пакінуў Сейм, калі там запусцілі працэдуру ягонага імпічменту. Ён распаўсюджваў фэйкі пра «злачынствы габрэяў» у Другой сусветнай вайне і не збіраўся выбачацца за антысеміцкія выказванні, прызнаваў анексію Расеяй украінскага Крыму і потым блытаўся ў прыналежнасці паўвострава, крытыкаваў неэфектыўнасць санкцыяў адносна Беларусі і выступаў супраць закрыцця пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. А міграацыйны крызіс ён прапанаваў вырашыць так: «Даць мігрантам тэлефоны, даць каардынаты Бундэстагу і выправіць адразу ў Нямеччыну».


Кааліцыі па выніках выбараў могуць скласціся самыя розныя, але найбольш імаверна, што Сацыял-дэмакратычная партыя вернецца да ўлады ў кааліцыі з як мінімум трыма партыямі: магчыма, з «Хрысціянскімі дэмакратамі» або з «У імя Літвы», або і з тымі, і з тымі. Жамайтайціс хоча ў кіроўную кааліцыю з левацэнтрыстамі, але ягоны «Світанак над Нёманам» не бачаць у якасці партнёраў асноўныя літоўскія партыі.


Што гэта значыць для беларусаў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя, прысвечаная чацвёртай гадавіне выбараў у Беларусі, адбылася ў Вільні, Літва. 3 жніўня 2024 года. Фота: Белсат
«Цяжка атрымаць грамадзянства, у Польшчы значна прасцей». Што кажуць беларусы, якія з'ехалі з Літвы навіны

Цяпер сітуацыя дваістая: Літва супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і за беларускія дэмакратычныя сілы, але беларусы з Літвы з’язджаюць праз выказванні аб іх літоўскіх палітыкаў і дзеянні літоўскіх чыноўнікаў. Не падобна, каб рэжым Лукашэнкі мог моцна паўплываць на гэтыя выбары, хоць спробы былі.


Цяжка сказаць, як зменіцца сітуацыя для беларусаў, пакуль невядомыя вынікі выбараў, ды выглядае, што не варта чакаць вялікіх зменаў у лепшы ці горшы бок.


Па-першае, 62,5 тысячы беларускіх эмігрантаў – далёка не галоўная праблема Літвы, а вонкавай палітыкай займаецца пераважна прэзідэнт. Можа, прэзідэнт зможа «праціснуць» у Сейм новыя абмежаванні для беларусаў, а можа, былыя апазіцыянеры кшталту Сквярняліса, трапіўшы ва ўрад, будуць адстойваць больш узважаную палітыку адносна беларусаў і Беларусі. Ды літоўцаў хвалююць у асноўным іншыя праблемы. 


Па-другое, ва ўрад, пабодна, трапяць «знаёмыя» сілы, якія не падтрымліваюць Лукашэнку і не выступаюць рэзка супраць падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў або за выгнанне беларускіх эмігрантаў. Хіба Жамайтайціс – прыхільнік таго, каб «вырваць Беларусь з лап Расеі» праз эканамічныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Сумнеўна, што ён трапіць ва ўрад ці кіроўную кааліцыю, хіба зможа выказаць у Сейме нейкія новыя ідэі адносна беларусаў і Лукашэнкі. Ды папулістаў у Літве апошнім часам слухаюць усё больш.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10