Вярхоўная кантрольная палата абнародавала справаздачу пра злоўжыванні колішніх уладаў краіны пры выдачы візаў.
Ведамства прыйшло да высновы, што падчас кіравання партыі «Закон і справядлівасць» у міністэрстве замежных справаў Польшчы дзеяў карумпаваны механізм выдачы візаў. Спецслужбы папярэджвалі пра небяспеку такога раздавання дакументаў «налева і направа», аднак, як піша «Gazeta Wyborcza», папярэдні ўрад гэтыя перасцярогі праігнараваў.
Цяпер разглядаецца магчымасць адкрыцця крымінальнай справы з увагі на злоўжыванні:
,,«У справаздачы сфармулявана 25 высноваў і 4 заўвагі сістэмнага характару. Цяпер трывае аналіз матэрыялаў на прадмет звароту ў пракуратуру пра магчымае крымінальнае злачынства пры выдачы польскіх візаў».
Раней выданне ўжо публікавала гэтую справаздачу – яшчэ да афіцыйнага абнародавання. Цяпер усе высновы пацвердзіліся.
У 2018–2022 гадах польскія візы масава выдаваліся ў азіяцкіх і афрыканскіх краінах, пасярэднікі, якія дапамагалі з афармленнем візаў, бралі за свае паслугі некалькі тысячаў долараў, а ў карупцыйнай схеме былі задзейнічаныя калегі тагачаснага намесніка міністра замежных справаў Пётра Ваўжыка:
«Кажуць, што намеснік міністра сам рассылаў у консульствы лісты з імёнамі асобаў, якім візы мусілі выдавацца без чаргі. Гэтак у шэнгенскую зону трапілі нібыта акцёры Балівуду, якія меліся здымаць у Польшчы суперпрадукцыю. Насамрэч яны эмігравалі ў ЗША».
Вярхоўная кантрольная палата пастанавіла, што дзеянні МЗС у наглядзе за консульскай дзейнасцю «былі незаконнымі, нямэтавымі і ненадзейнымі і прывялі да нерацыянальных выдаткаў дзяржаўных сродкаў».
«Статус істотнай часткі замежнікаў, якія атрымалі ў апошнія гады польскія візы, застаўся невядомым. Гэта ставіць пад пытанне індывідуальную бяспеку гэтых асобаў і бяспеку нашай дзяржавы», – падкрэслілі аўдытары.
У справаздачы знайшлося месца і праграме для айцішнікаў «Poland. Business Harbour». Аўдытары палічылі, што гэты праект стаўся «самым простым, хуткім і танным спосабам атрымання магчымасці заехаць на тэрыторыю Польшчы і ЕЗ, а роля консула ў працэсе разгляду заяваў на атрыманне гэтай візы практычна звялася да яе выдачы». Спецслужбы пры гэтым папярэджвалі, што праграмаю карыстаюцца расейскія грамадзяне, хаця найперш яна была прызначаная для беларусаў.
26 студзеня Польшча прыпыніла выдачу візаў «Poland. Business Harbour». У МЗС тады тлумачылі, што «праграма не апраўдала ўскладзеных на яе надзеяў».
«Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаныя пярэчанні з нагоды выкарыстання візаў, выдадзеных у межах праграмы, у мэтах, не сумяшчальных з яе ўмовамі», – адзначалі ў міністэрстве.
Вярхоўная кантрольная палата Польшчы кантралюе дзейнасць дзяржаўных органаў, Нацбанку, дзяржаўных юрыдычных асобаў з пункту гледжання законнасці, эканамічнасці, эфектыўнасці, мэтазгоднасці і добрасумленнасці.
Сцяпан Кубік belsat.eu