навіны

Лукашэнка паляцеў да Пуціна без падарунку, а вярнуўся з ордэнам

img
Калаж з фота: GettyImages
podpis źródła zdjęcia

Трохдзённы ваяж Лукашэнкі ў Маскву скончаны. Вяртаецца ён з ордэнам і чымсьці, што не для прэсы. Лукашэнка і Пуціным мелі дзве кулуарныя размовы – да і пасля саміту СНД. Галоўныя заявы, якія наўмысна гучалі перад камерамі, Лукашэнка ўсё ж зрабіў. Падрабязнасці – у сюжэце праграмы «ПраСвет».

Пуцін уручае Лукашэнку ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага. Крыніца: сайт Крамля.

Пуцін уручыў Лукашэнку ордэн. Той яго пацалаваў

навіны


Лукашэнкаўскі борт у расейскай паветранай прасторы – з’ява звыклая. Жалезную птушку з Беларусі чакаюць, перамінаючыся з нагі на нагу. Сустракаюць з пашанаю: паслалі чырвоную дарожку, сабралі дэлегацыю і пацешылі састарэлага дыктатара, звярнуўшыся да яго «Ваше превосходительство».

 

У Крамлі – свята: дзень народзінаў Пуціна. Выглядае, Лукашэнка прыляцеў з пустымі рукамі. Імяніннік Уладзімір Пуцін на другі дзень зарганізаваў афіцыйную вечарыну ў стылі СССР – чарговы саміт СНД. Тэматычна Лукашэнка быў ці не самы падрыхтаваны. Пералічыў прозвішчы і нацыянальнасці тых, хто прыкрываў шлях да Масквы, разам з «братамі-беларусамі». То бок яшчэ раз падкрэсліў уласную важнасць для Крамля: «Маршал перамогі Георгій Жукаў, герой Савецкага Саюзу, азербайджанец Рафій, армянін Авакян, казах Ісканаліеў, кіргіз Асаналіеў, таджык Азізаў».

 

Ён не пачуваецца бяспечна, прызнаецца дыктатар расейскаму прапагандысту з ОРТ. Нават нягледзячы на адноўленую Пуціным ядравую дактрыну. Паводле яе, Расея можа адказаць тактычнай ядравай зброяй на любы «акт агрэсіі» супраць так званай Саюзнай дзяржавы.

,,

«Калі хтосьці перакрочвае нашую дзяржаўную мяжу, мы будзем усё рабіць для выкарыстання ўсёй зброі, якая ёсць у Беларусі», – заявіў Лукашэнка.


Пасля ўзгаднення з Пуціным, натуральна, дадае дыктатар, калі гаворка менавіта пра ядравую зброю. Адзіныя ж, хто цяпер перасякае беларускую мяжу, – хіба што расейскія БПЛА. Але спыніць іх Лукашэнка не здатны. Дамоўленасці так званай Саюзнай дзяржавы надаюць Расеі права выкарыстоўваць беларускую паветраную прастору, таму гэтыя дроны для Крамля – усяго толькі дробныя памылкі. Баіцца Лукашэнка іншага – такіх вось заяваў, напрыклад.

,,

«Абсалютна істотна пераносіць вайну не толькі на тэрыторыю Бранску, Курску, але і ў Беларусь. Я глыбока перакананы: калі адносна невялікае падраздзяленне зойдзе ў Беларусь, беларуская армія складзе зброю. Гэта нават не ўпэўненасць, гэта веды. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве – паказаць, што яна не катралюе гэтай тэрыторыі», – заявіў дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Алег Дунда.


Для Лукашэнкі падобныя заявы, па-першае, прыніжальныя: ён не хоча прызнаваць залежнасці ад Масквы. А па-другое, ён сапраўды можа баяцца гэткага сцэнара, нягледзячы на тое, што афіцыйная Украіна ад гэтых словаў Дунды адхрысцілася.

 

Якраз пра пагрозу перанясення баявых дзеянняў і на беларускія землі, найхутчэй, Лукашэнка з Пуціным размаўлялі тэт-а-тэт. Менскі дыктатар асцярожна пра гэта згадаў: абмяркоўвалі «гарачыя кропкі». У прысутнасці ж журналістаў Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў пра неабходнасць выступаць разам супраць вонкавых эканамічных рашэнняў, маючы на ўвазе заходнія санкцыі:

,,

«Што датычыць нашых дачыненняў, самая галоўная выснова, я мяркую, вы пагодзіцеся: Захад паставіў перад сабою планы задушыць нас. Перш за ўсё, у эканоміцы, у фінансах».


Добрая нагода для размовы, каб атрымаць чарговы транш ад так званага старэйшага брата. Як прызнанне гэтага факту, як прызнанне заслуг перад Крамлём, Лукашэнку прышпілілі ордэн апостала Андрэя Першазванага – найвышэйшы дзяржаўны ордэн Расеі. Узамен Лукашэнка працытаваў знакамітую пуцінскую дактрыну: «Мы – беларусы, украінцы, расейцы – расцем з аднаго кораня. Нашае дрэва паходзіць з аднаго кораня».

 

Голуб міру, не менш. Нават на саміце ён спрабаваў прасоўваць падобны парадак дня: маўляў, не хапае за шырокім сталом Грузіі з Малдоваю. Затое вось Пашыньян прыехаў, яго пасадзілі побач з Аліевым – факт прысутнасці абодвух Лукашэнка адзначыў асабіста, гэткі пасаж у бок Пуціна.

,,

«Ад Захаду Лукашэнку ізалявалі, або ён сам сябе ізаляваў ад іх. Натуральна, грошы, капітал, інвестыцыі, гандаль Захадам абрубленыя, і сёння адзіная краіна, якая падтрымлівае Беларусь у эканамічным плане, – гэта Крэмль. Для Крамля гэтая гісторыя выгадная, бо Крэмль не хоча нікуды Беларусь адпускаць, – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец. – Лукашэнка быў правадніком гэтай палітыкі на працягу ўсіх трыццаці гадоў, і ягоны савецкі менталітэт да гэтага прывёў. Таму тут складана чамусьці здзіўляцца, і нельга чакаць, што Лукашэнка стане іншым, кудысьці разгорнецца. Ніколі нікуды ён не разгорнецца».


Скончыўся саміт СНД, але не візіт Лукашэнкі. Адной з магчымых тэмаў перамоваў двух састарэлых дыктатараў эксперты называюць мандат Лукашэнкі на чарговы тэрмін кіравання ў Беларусі. Нібыта была папярэдняя дамова, што ў 2025 годзе ён пойдзе, так бы мовіць, на пенсію. Але выглядае, што пакідаць пасаду кіраўніка шклоўскі самазванец не гатовы.


belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10