Як нехта яшчэ можа называць «гарантам незалежнасці» Аляксандра Лукашэнку, які апошнія кроплі суверэнітэту Беларусі разменьвае на бразготкі ў Маскве? Што Лукашэнка пакіне пасля сябе ў Беларусі? Ці застанецца ён у памяці народу калі не яшчэ адным «вешальнікам», дык прынамсі «душыцелем»? І ці перажыве лукашызм свайго заснавальніка?
Палітолаг Дзмітрый Балкунец лічыць, што апошнія 30 гадоў у Беларусі склалася сістэма, якая насамрэч не хоча быць часткай Расеі – і ў гэтым грамадства мае кансэнсус. А найбліжэйшыя паплечнікі Лукашэнкі насамрэч зацікаўленыя ў ягоным сыходзе, каб пасля павесіць на яго ўсіх сабак за тое, што з Беларуссю і нашым народам адбываецца цяпер:
,,«Гэта будзе, вядома ж, разбурэнне культу асобы. Яго будуць руйнаваць тыя людзі, якіх ён сёння прыніжае, ягонае найбліжэйшае асяроддзе. Яны будуць граць першую скрыпку, каб знішчыць…»
Балкунец прыводзіць прыклад паплечнікаў Іосіфа Сталіна, найперш – Хрушчова. У выніку праведзенага «развянчання культу асобы» Уладзімір Пуцін не ў стане і сёння рэанімаваць сталінізм:
,,«Я мяркую, што з Лукашэнкам можа быць тая ж гісторыя. Вось тут вельмі цікавую фразу сказалі, што Лукашэнка ёсць гарантам незалежнасці і гэтак далей. Але была гісторыя, я памятаю, з Антонью Салазарам у Партугаліі. Яму многія партугальцы ўдзячныя сёння, паводле некаторых апытанняў. Не ведаю, ці можна ім давяраць. Ён мае вельмі высокую такую лаяльнасць ці падтрыманне сярод насельніцтва, нягледзячы на тое, што яго даўно ўжо няма ў жывых. Яго дзякуюць, што ён цалкам не ўцягнуў Партугалію ў Другую сусветную вайну. Ён ледзь дапамагаў там Гітлеру, але трымаўся на дыстанцыі. Можа быць, праз нейкі час Лукашэнку будуць дзякаваць (ці не), што баявыя дзеянні пакуль не ідуць на тэрыторыі Беларусі».

Палітык і лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык заклікае не рабіць спробаў неяк абяліць Лукашэнку праз быццам няўцягванне Беларусі ў вайну, бо краіна, насамрэч, у вайне па самыя вушы. Нагадаем, што не Лукашэнка не дапусціў непасрэднага ўварвання беларускіх войскаў ва Украіну, а беларускі народ, прадстаўнікі якога праявілі сябе як партызаны, а таксама паўплывалі на «баявы дух» Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. На жаль, як лічыць Вячаслаў Сіўчык, гэта блытаюць нават ва Украіне. Яшчэ горш, калі з’яўляюцца заявы накшталт словаў дэпутата ад «Слугі народа» Алега Дунды, ад якіх патыхае маскоўскім духам.
,,«І давайце ўсё ж такі не паўтараць тое, што было ў 1994 годзе. Лукашэнка – пачвара, Лукашэнка знішчае Беларусь. Спрабаваць гуляцца ў тое, што ён усё яшчэ нейкі гарант незалежнасці, – гэта таксама няправільна. І няправільна думаць, што яго бандыты на штосьці здольныя. Ці здольныя беларусы яшчэ выкарыстаць сітуацыю? Яшчэ пытанне. Думаю, што здольныя», – адзначае Вячаслаў Сіўчык.
Аднак у сённяшніх геапалітычных умовах, калі ўвесь свет рыхтуецца «да вайны вялікай», перад беларусамі стаіць новы выклік: «Дзякуючы пачвары Лукашэнку, яго бандзе, выбудавалі такі вайсковы балкон, што навісае над усімі… Захаванне Лукашэнкі – практычна поўная гарантыя, што ён вымушаны будзе, магчыма, распачаць вайну. Можа быць, яму дапамогуць».
Расказаў Вячаслаў Сіўчык і пра тое, у чым ён згодны з Лукашэнкам.
,,«Адзінае, з чым я згодны з гэтай пачварай Лукашэнкам – гэта калі было такое НТВ, калі толькі Пуцін з’явіўся, тады Захад бачыў нейкую дэмакратыю ў вачах гэбіста. Так? Яны ж былі партнёрамі з тэрарыстамі, а Лукашэнка проста сказаў: «Пуцін – гэта расейскі Лукашэнка. У нас гэта ўсё пачалося, і ў нас гэта ўсё можа закончыцца, таму што вельмі шмат крыві гэб’ём было праліта. Бабахнуць можа ў любы момант».

І адной з тых, хто можа «бабахнуць», ёсць Наталля Качанава.
Падрабязней дыскусію глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.
ББ belsat.eu