навіны

Кадыраў пагражае кроўнай помстай сенатару і дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі

Рамзан Кадыраў. Фота: chechnya.gov.ru
Рамзан Кадыраў. Фота: chechnya.gov.ru
podpis źródła zdjęcia

Падчас нарады з камандзірамі і начальнікамі сілавых ведамстваў кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў сказаў, што гатовы абвясціць кроўную помсту сенатару ад Дагестану Сулейману Керымаву, а таксама дэпутатам Дзяржаўнай думы Расеі Бэкхану Барахоеву і Рызвану Курбанаву.

9 кастрычніка Рамзан Кадыраў паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што абмеркаваў з сілавікамі перастрэлку ў офісе «Wildberries». У ім ён па-чачэнску згадаў сенатара і дэпутатаў.

«Калі яны не дакажуць адваротнага, я афіцыйна абвяшчаю кроўную помсту Барахоеву, Карымаву Сулейману, Курбанаву Рызвану. Ёсць сведкі, ёсць людзі, у якіх яны замаўлялі, пыталіся, за колькі вы можаце прыняць замову [на забойства Рамзана Кадырава]», – перакладае словы палітыка ТАСС.

У сваім допісе Кадыраў, каментуючы страляніну ў офісе «Wildberries», напісаў, што «ёсць людзі, якія старанна надаюць гэтаму нацыянальную афарбоўку і заяўляюць, што завадатарамі канфлікту нібы былі кадыраўцы». Ён назваў сябе «галоўным кадыраўцам» і заклікаў усе «прэтэнзіі» выказваць асабіста яму.

Расейскі маркетплэйс «Wildberries» і кампанія вонкавай рэкламы «Russ» 18 ліпеня абвясцілі, што аб’яднаюцца ў кампанію «РВБ». Паводле задумы, павінен з’явіцца міжнародны холдынг, які выступіць аналагам «Amazon» і будзе працаваць у Азіі, на Блізкім Усходзе, у СНД, КНР ды Індыі. Гэтую ўгоду ўхваліў урад Расеі. 

Аднак супраць выступаў Уладзіслаў Бакальчук – цяпер ужо былы муж заснавальніцы кампаніі Таццяны Кім, якой належыць 99 % «Wildberries». 23 ліпеня Бакальчук сустрэўся з Кадыравым, які паабяцаў «дапамагчы вярнуць у сям’ю Таццяну Уладзіміраўну і абараніць законны бізнес».

18 верасня кампанія «Wildberries» паведаміла, што муж заснавальніцы разам з чачэнскай аховай паспрабаваў «незаконна пракрасціся» ў офіс маркетплэйсу. Каля будынку пачалася страляніна, у выніку якой загінулі двое працаўнікоў аховы.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10