Расейскія ўлады перадалі беспілотнікі ліванскай арганізацыі «Хізбула», што ваюе з Ізраілем. Таксама яна вядзе перамовы з еменскімі паўстанцамі-хусітамі наконт перадачы тым супрацькарабельных ракетаў.
Пра тое, што Расея перадала дроны «Хізбуле» і навучае яе прадстаўнікоў іх выкарыстанню, паведаміла ліванская газета «An-Nahar» са спасылкай на крыніцы ў выведцы, піша ізраільскае выданне «Kan».
24 верасня «Reuters» паведамляла, што Расея пры пасярэдніцтве Ірану вядзе перамовы наконт перадачы супрацькарабельных ракетаў паўстанцам-хусітам у Емене.
З канца вясны «Хізбула» мае прыкметную ролю ў канфлікце палестынскай арганізацыі «Хамас» з Ізраілем. У некаторыя дні групоўка біла па тэрыторыі Ізраілю сотнямі ракетаў. У выніку нападаў «Хізбулы» ў Ізраілі былі эвакуяваныя ад 60 да 100 тысяч асобаў.
Ізраільскія ўлады паставілі сабе задачу вярнуць жыхароў паўночных рэгіёнаў Ізраілю ў іхныя дамы. Гэта прадугледжвала больш актыўную барацьбу з «Хізбулой». 17 і 18 верасня ў Ліване пачалі масава выбухаць пэйджары ды іншыя прылады сувязі, якімі карысталіся чальцы «Хізбулы». Мясцовыя ўлады паведамілі пра мінімум 37 загінулых і каля 3600 параненых. Апрача таго, у выніку паветраных нападаў на інфраструктуру «Хізбулы» ў Ліване 27 верасня былі забітыя лідар групоўкі Хасан Насрала і шэраг яе высокапастаўленых камандзіраў.
Якуб Хруст belsat.eu