Беларускі вытворца мінеральных угнаенняў прадаваў сваю прадукцыю Украіне пад выглядам вырабленай у Туркменістане.
Гэта вынікае з судовага рашэння Шаўчэнкаўскага раённага суда Кіева, якое атрымала «Радыё Свабода». Украінскія следчыя раскрылі гэтую схему падчас расследавання крымінальнай справы супраць мясцовай кампаніі «Оскар Оптіма», якая займалася пастаўкамі і рэалізацыяй ва Украіне беларускіх мінеральных угнаенняў.
Адбывалася гэта такім чынам: прадпрыемства «Горадня Азот» чыгункай адпраўляла сваю прадукцыю ў порт Растова-на-Доне, потым у гарады Бургас і Русэ ў Балгарыі. Адтуль ўгнаенні траплялі ў Ізмаільскі марскі порт, дзе мытнікі на падставе сертыфікатаў аб паходжанні запісвалі ўгнаенні як туркменскія.
Потым дубайская кампанія Agro chain general trading LLC пастаўляла мінеральныя ўгнаенні, быццам бы з Туркменістана, ва Украіну. Імпарцёрам пазначаная ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма».
Сертыфікаты паходжання прадукцыі былі падробленыя. У тэлефоне аднаго з прадстаўнікоў украінскай кампаніі знайшлі перапіску з кіраўнікамі дубайскай кампаніі Agro Chain general trading LLC. Дзякуючы гэтай перапісцы ўдалося пацвердзіць, што першыя партыі мінеральных угнаенняў пастаўляліся з Растова, а фактычным адпраўніком і вытворцам грануляванага карбаміду з'яўляецца ААТ «Гродна Азот».
Пазней у Інстытуце судовых экспертыз Украіны пацвердзілі, што ўгнаенні, якія пастаўляла ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма», цалкам адпавядаюць узорам прадукцыі, вырабленай у Гародне.
Тэса Анэйда belsat.eu