Гісторыі

Беларуская піяністка з Партугаліі Кацярына Льдокава распавяла аб праекце «Mova Dreva», з якім выступіць у Варшаве

Піяністка Кацярына Льдокава на рэпетыцыі перад Варшаўскім канцэртам. Варшава, Польшча. 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
Піяністка Кацярына Льдокава на рэпетыцыі перад Варшаўскім канцэртам. Варшава, Польшча. 9 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларуская піяністка Кацярына Льдокава (Katerina L'dokova), якая 18 гадоў жыве ў Партугаліі, упершыню выступіць у Польшчы. 10 і 11 кастрычніка яна прэзентуе ў Варшаве этна-джазавы праект «Mova Dreva». У складзе квартэту Льдокавай зайграюць нарэшце беларусы. У інтэрв'ю «Белсату» музыка расказвае, як «Мову дрэва» прымаюць партугальцы, якім чынам на яе музыку паўплывалі Азоры і як яна трапіла ў праект пераможцы «Еўрабачання 2017» Салвадора Сабрала. 

«Белсат»: – Кацярына, пашапталася ўжо з польскімі дрэвамі? З тымі ж бярозамі, якіх амаль няма ў Партугаліі [размаўляем на вуліцы Brzozowa – Бярозавай, за Рынкавай плошчай у Варшаве].

Кацярына Льдокава
: – Ой, не паспела яшчэ. А пашаптацца трэба. Мабыць, сёння ўначы пайду (смяецца). Ведаеце, мова дрэваў, яна без словаў. Нешта сардэчнае, глыбокае. Толькі музыкай і можна пераказаць.   

– Але і вельмі цёплая. Цэлы дзень слухаў учора ваш альбом «
Mova Dreva». І мне не патрэбны быў «YouTube», каб бачыць вашую ўсмешку, калі спяваеце. Ёй прасякнута усё. Гэтая ўсмешка – партугальская?

– Напэўна так, бо Партугалія – сонечная краіна, а калі шмат сонца, дык увесь час хочацца пасміхацца.


«Тое, пра што пяю ў песнях, блізкае і партугальцам»


– Вы прывезлі партугальскае сонца ў Варшаву. Што пакажаце тут беларусам?

,,

«Я хвалююся. Бо «Mova Dreva» існуе ўжо некалькі гадоў, але гэтыя кампазіцыі з беларускімі традыцыйнымі песнямі я ніводнага разу не выконвала перад беларусамі – толькі для партугальскай публікі. І мне заўжды было цікава, як адрэагуюць беларусы, якія разумеюць усе словы і якім не трэба тлумачыць, пра што гаворка. Як ім гэта будзе выглядаць? Ці ўвойдзе ў сэрца? Я не ведаю. Таму вельмі хвалююся».


– А як рэагавала на «Мову дрэва» партугальская публіка?

– Партугалія – вельмі цікавая краіна, бо там шмат розных культураў. Шмат бразільскай культуры, з Афрыкі, з астравоў. Такая культурная мешаніна. І гэта добра, бо такая адкрытасць спрыяе розным культурным праектам. І таму сустракаюць «Мову дрэва» заусёды вельмі цёпла. Партугальцаў цікавіць нашая традыцыя. Пасля канцэртаў яны пытаюцца, як у нас робяць тое ці тое. А ў нас, кажуць, так і так. І мы заўсёды знаходзім шмат аднолькавых рысаў у нашых культурах. То бок аказваецца, што тое, пра што я пяю ў песнях, блізкае і партугальцам. Яно амаль аднолькавае. Гэта ж усё ад зямлі.


– Амаль аднолькавае? Напрыклад? 


– Напрыклад, у лютым у Партугаліі ладзяць карнавалы, падчас якіх людзі надзяваюць страшныя такія маскі, зробленыя з дрэва, апранаюцца ў лісце. Няма такога, каб пераўвасабляцца ў казу ці карову, як у Беларусі, але ўсё гэта вельмі падобна да нашых Калядаў. 


– І таму вашая сівая свіння з трэку «
Sivaja» – у драўлянай масцы?

– Так. Мы выкарыстоўваем у кліпе партугальскую маску, зробленую з коркавага дрэва. Я адмыслова паехала для здымак у той рэгіён Партугаліі, дзе святкуюць такім менавіта чынам. Ну чым не нашыя Каляды? 

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Унутры мяне – акіян…»

– «Мову дрэва» чулі жыўцом толькі ў Партугаліі?


– Здзівіцеся, але чулі ўжо і ў Індыі. У 2018 годзе я працавала ў гэтай краіне ў музычнай школе, і мы разам з настаўнікамі з Бразіліі зрабілі канцэрт: выканалі дзве ці тры кампазіцыі з «Мовы дрэва». Так што і там пачулі беларускую мову. На Азорскіх астравах таксама спявала песні з праекту, ну але гэта ўжо Партугалія. Цяпер вось – Польшча. І я вельмі хачу ў будучыні зладзіць канцэрты ў Літве і Нямеччыне.


– Згадалі Азорскія астравы. 18 гадоў таму вы з'ехалі з Беларусі, каб працаваць паводле кантракту на Азорах. Выкладалі фартэп'яна, цешыліся блізкасцю акіяну і ўнікальнай прыродай архіпелагу. І раптам – беларуская «Мова дрэва». Карані не адпускалі? Як з'явілася ідэя праекту?


– Шмат гадоў таму я трапіла на фестываль «Ethno Portugal». На такіх фестывалях людзі прэзентуюць традыцыйную музыку сваіх краінаў. Я паехала туды як удзельніца, хоць на той момант ведала мала народных беларускіх песень. Знайшла дзве, якія мне спадабаліся. І ўсім спадабаліся. А ў той год у фэсце ўдзельнічалі прадстаўнікі 37 краінаў. Дык вось, мы зладзілі такі «оранж» з 40 чалавек і гралі гэта на сцэне. І тады я падумала: цікава, вельмі цікава! І паціху пачала чытаць пра традыцыі, слухаць песні, глядзець, з якога рэгіёну яны паходзяць. 

Пакрысе, маленькімі крокамі ішла да гэтага. І вось – нарадзілася мая «Мова дрэва». Сама сабой. Так, сама сабой (смяецца).  


– Сама сабой! Вось што значыць жыць ля акіяну. У маёй галаве безупынна круціцца вашая «
Leleja»: «Лелея вада – ай па мору…» Доўга жылі на Азорах?

– Пяць гадоў. Акіян – паўсюль! У адзін бок – акіян, у другі – акіян. Гэта не магло не пакінуць следу ў сэрцы. І гэта, канечне, неяк праяўляецца ў музыцы. Гэты акіян цяпер унутры сябе нашу. І цяпер я ўжо не магу ўявіць сабе, як можна жыць далёка ад вады. 

Вось, але потым я вырашыла пажыць на Вялікай зямлі, пераехала пад Лісабон, стала вывучаць джаз, вельмі палюбіла яго. Пачала пісаць музыку. Пішу, як адчуваю. Музыка сама пачала нараджацца. Вось так.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

«Паўгода граю ў праекце Салвадора Сабрала»

– Але гэтае дзіўнае спалучэнне джазу і фолку… У чым яго сакрэт?
 

– Я, праўда, ніколі не задумваюся аб гэтым, бо як яно пішацца, так і напісалася. Вось, калі мелодыя засела, як вы кажаце, у галаве, то я ўжо ведаю: штосьці атрымаецца. 


– Што да варшаўскіх канцэртаў – ці будуць неспадзяванкі?


– Так, мы зайграем не толькі кампазіцыі з дыску, бо я ўжо шмат чаго напісала новага. Літаральна сёння даслала музыкам, з якімі будзем выступаць у квартэце, новы запіс. Так што і для іх будзе сюрпрыз. Гэта ўкраінская традыцыйная песня пра долю. Мне падалося, што гэта добрая песня і трэба яе ўключыць у канцэрт. Пабачым, ці атрымаецца. А атрымаецца ж! Будзе новая песня.


– І яе прэм'ера – у Варшаве. А калі наконт квартэту: у Варшаве вы граеце не з партугальцамі, з якімі запісвалі альбом, а з беларусамі, так?


– Так, яны з'едуцца ў Варшаву з усёй Польшчы. Я іх доўга шукала. І мы будзем граць разам упершыню. Яны – беларусы…

Фота: Белсат
Фота: Белсат

– Чакаем. Але ж вы удзельнічаеце і ў праекце славутага Салвадора Сабрала (Salvador Sobral) – пераможцы «Еўрабачання 2017», які на пачатку кастрычніка прэзентаваў у Польшчы свой альбом «Timbre». Як так атрымалася, што зайгралі ў ягоным гурце? І ці не вашае фартэпіяна гучыць у той знакамітай «Amar Pelos Dois»?

– Не, не маё, хоць мы з ім знаёмыя здаўна. Неяк Салвадор Сабрал патэлефанаваў мне, бо яму патрэбная была піяністка, якая адначасова і спявае. Ягоная колішняя піяністка з Іспаніі нарадзіла дзіця і не магла ўдзельнічаць у паездках з канцэртамі. Таму я ўжо вось цягам шасці месяцаў граю ў ягоным праекце «Timbre».


Калі і дзе адбудуцца канцэрты Кацярыны Льдокавай    


– Кацярына, вашае «Mova Dreva» пачынаецца «Вясной» і заканчваецца «Малітвай». «Малітва» амаль без словаў. Аб чым яна?


– Аб чым гэтая малітва? Гэта малітва пра памяць. Пра памяць аб нашых бабулях, аб нашых дрэвах, аб усім добрым, што засталося ў сэрцы. 


Два канцэрты Кацярыны Льдокавай, якая выступіць у Варшаве з праектам «Mova Dreva», адбудуцца:

10 кастрычніка, 19:00 – у Старамейскім Доме культуры (Staromiejski Dom Kultury – Rynek Starego Miasta 2). 

11 кастрычніка, 19:00 – у студыі «Quality» (Konwiktorska 7).


Уваход вольны. Але на канцэрт лепей прыйсці троху загадзя, бо месцаў у залах мала, папярэджвае Кацярына Льдокава. У Старамейскім Доме культуры – каля 50, у «Quality Studio» – 10–15.

Фота: Белсат
Фота: Белсат

Кацярына Льдокава – піяністка і кампазітарка. Выпускніца менскага Парнату (школа мастацтваў імя Ахрэмчыка). У 19 гадоў пераехала на Азорскія астравы (Партугалія), дзе выкладала музыку. Скончыла ўніверсітэт у Лісабоне, спецыяльнасць «джаз». З беларускамоўным праектам «Mova Dreva» выступала на розных музычных фестывалях у Партугаліі – «Casa da Música», «Porta Jazz» ды іншых. Запісала таксама альбомы «Ledok», «Travessia».

Зміцер Міраш belsat.eu  

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10