Пасля таго, як арганізацыя «RAW in War» (Reach All Women in War – «Дапамагчы кожнай жанчыне ў агні вайны») прысудзіла прэмію імя Ганны Паліткоўскай 2024 года палестынскім журналісткам, у сацсетках пачалася бурная дыскусія.
У прэс-рэлізе прэміі гаворыцца, што Камітэт намінацыяў «глыбока ўзрушаны самаадданай і рашучай упартасцю», з якой журналісткі з Газы «асвятляюць пакуты мірных жыхароў і выступаюць у абарону чалавечнасці на фоне грубых парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў».
Рэзананс выклікала і прамова нобэлеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч, якая ў 2018 годзе атрымала прэмію «RAW in War», а цяпер сама ёсць сябрам Камітэту намінацыяў. Яна заявіла: «Пакуль вайскоўцы і палітыкі гавораць моваю вайны, жанчыны-журналісткі абараняюць жыццё, ахвяруючы ўласным жыццём пад абстрэламі. Ратуюць само жыццё. Яны нам расказваюць праўду пра пакуты свайго народу. Жанчыны заўсёды абараняюць жыццё, бо жыццё прыходзіць у гэты свет праз жанчыну».
Што ж адбылося? Бо кожны нармальны чалавек толькі парадуецца, што ўзнагародзілі самых лепшых. Але ёсць нюанс – калі гэты нармальны чалавек, як кажуць, не ў тэме. А не ў тэме вельмі і вельмі многія. «У тэме» таксама дастаткова шмат людзей, у тым ліку, сярод тых, хто жыве і ў Палестыне і ў Ізраілі. Прысуджэнне прэміі Хінд Аль Худары і Сальме Аль-Кадумі на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пракаментавала ізраільцянка Дар’я Альперн-Каткоўская: «Акрамя таго, што гэтыя «адважныя дзяўчаты» асвятляюць «разню ў Нусэйраце» (а менавіта так называюць аперацыю выратавання чатырох закладнікаў пару месяцаў таму), Хінд Аль Худары вядомая тым, што ў 2020 годзе здала «Хамасу» палестынскіх хлопцаў у Газе, якія рабілі Zoom-званок з ізраільцянамі ў якасці спробы «наладзіць зносіны». Падлеткаў абвінавацілі ў «спробах нармалізацыі». Іх пакаралі смерцю».
Што да гэтага можна дадаць, акрамя таго, што ў той аперацыі загінуў камандзір ізраільскага спецназу? Ёсць што, а менавіта: тое, што цяпер адбываецца, ёсць наступствам таго, што Ізраіль прайграў інфармацыйную вайну. І прайграў яе цалкам. І, калі б гэта было не так, то «адважныя» палестынскія журналісткі ў лепшым выпадку проста не атрымалі б ніякай прэміі.
Вось прыклад, «RAW in War» прыкладае статыстыку: у выніку нападу баевікоў «Хамасу» на поўдні Ізраілю 7 кастрычніка 2023 года загінулі 1195 чалавек, уключаючы 36 дзяцей, яшчэ 251 асоба была ўзятая ў закладнікі. І яшчэ лічбы – з-за ваенных дзеянняў Цагалю ў Газе загінула 41 тысяча чалавек, яшчэ больш за 95 тысяч атрымалі раненні, а з 2,2-мільённага насельніцтва 1,9 мільёна чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Дзеля пераканаўчасці падаюцца сцвярджэнні экспертаў ААН у галіне правоў чалавека аб тым, што гэты канфлікт стаў «самым смяротным і самым небяспечным для журналістаў у найноўшай гісторыі».
Праўда, у статыстыцы сярод ахвяраў «чорнай суботы», самага масавага забойства габрэяў з часоў Галакосту, ні слова не сказана пра тое, што забітыя спачатку зазналі жорсткія катаванні і сексуальны гвалт, у тым ліку малыя дзеці. А што да дзеянняў у адказ Ізраілю, то таксама ні слова пра тое, што ізраільцяне вызвалялі закладнікаў, сваіх суайчыннікаў, на якіх ім не пляваць. Пры гэтым не названыя крыніцы адносна такіх маштабных стратаў насельніцтва сярод палестынцаў. І, вядома, ні слова пра тое, што ў тую «чорную суботу» некалькі працаўнікоў ААН удзельнічалі ў нападзе на ізраільцянаў, а потым высветлілася, што 10 % працаўнікоў агенцтва ААН UNRWA у Газе маюць шчыльныя сувязі з «Хамасам» і «Ісламскім джыхадам», прычым палова супрацоўнікаў гэтага агенцтва ААН маюць сваякоў і блізкіх, якія ўваходзяць у склад гэтых фармаванняў. Пра якую аб’ектыўнасць можа ісці гаворка?
Арганізатары прэміі Паліткоўскай таксама заявілі, што палестынскія журналісты, сярод якіх шмат жанчын, сталі «практычна адзіным голасам і адзінай крыніцай навінаў» з сектару Газа. Як быццам і не было пастановачных кадраў, фэйкаў, бессаромнай прапаганды. І ні слова пра тое, што ідуць інфармацыйная і прапагандысцкая войны. І гэта розныя войны. І яны вядуцца зусім рознымі спосабамі. Прапаганда заўсёды хутчэйшая, бо ёй не трэба правяраць інфармацыю. Хлусіць заўсёды прасцей, чым прад’яўляць доказы.
Памятаеце рэпартажы палестынскіх «журналістаў» аб выбуху ракеты побач з лякарняй у Газе? Імгненна «Хамас» выдаў гэта як інфармацыю аб нападзе Ізраілю і забойстве сотняў людзей. І тады многія медыі падхапілі ўкід, і панеслася. Пакуль тры гадзіны ізраільцяне збіралі факты і шукалі доказы сваёй недатычнасці, у арабскіх краінах пачаліся хваляванні, а потым і ўвесь свет абвінаваціў Ізраіль. І хоць Ізраіль падаў чатыры неабвержныя доказы з розных крыніцаў, нават перахоп размоваў саміх тэрарыстаў, усё роўна жахлівыя вобразы «ізраільскай агрэсіі» адклаліся ў памяці мільёнаў. Так ужо яна ўладкаваная, гэтая памяць.
І працягваюць ісці адна за адной такія карцінкі, якія рыхтуюць гэтыя «адзіныя крыніцы навінаў». Нават галоўны саюзнік Ізраілю дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў сектары Газа гіне занадта шмат мірных жыхароў. Карціну год таму дапоўнілі выявы соцень тысяч палестынцаў, якія пакінулі свае дамы на поўначы Газы і ішлі па галоўнай дарозе на поўдзень. Ну сапраўды як у 1948 годзе, калі больш за 700 тысяч палестынцаў беглі пад рулямі аўтаматаў ізраільцянаў. А што ж цяпер? Ці шмат у Газе засталося мірных жыхароў? Хто там застаецца? Пра якіх мірных жыхароў пішуць «адважныя» журналісткі, якія працуюць на самыя розныя замежныя медыі (іншых карэспандэнтаў тамака няма), фармуючы ў чытача і гледача выяву гідкага ізраільскага агрэсара? Хаця б нехта спытаў: адкуль яны бяруць інфармацыю, хто яе дае? На чыю карысць яны працуюць?..
Год таму я пісала, што ізраільцянам трэба было пачаць адказваць контрпрапагандай на гэтую прапаганду. І ім не патрэбныя былі фэйкі. Трэба было проста паказваць, што Ізраіль ваюе не з Газай, а з тэрарыстамі. Пакуль жа прамыванне мазгоў працягваецца «рэпартажамі» гэтых «адважных журналістак». А хто іх праверыць і якім чынам? Там няма замежных журналістаў. З самага пачатку Ізраіль адмовіўся прапускаць туды журналістаў з меркаванняў бяспекі ізраільскіх жаўнераў. Бо шануюць жыццё кожнага свайго хлопца і кожнай дзяўчыны. Пакуль «рэпартажы» гэтых доблесных намінантак прэміі працягваюцца, усё менш застаецца шанцаў на тое, што экстрэмісты-мусульмане не ў асобна ўзятым Ізраілі, а ў еўрапейскіх краінах не пойдуць заўтра граміць дамы габрэяў, а можа і не толькі габрэяў. Бо іхная нянавісць распаўсюджваецца на ўвесь цывілізаваны свет.
Арганізатары плануюць уручаць прэмію 25 сакавіка на мерапрыемстве «RAW in War» «Адмаўляючыся маўчаць», у межах фестывалю «Жанчыны свету» (WOW) ў 2025 годзе. Ізраільцяне гэта, вядома, перажывуць. Хоць у дадзеным выпадку нават мне крыўдна. Крыўдна за іх. Высветлілася, што прамыванне мазгоў значна страшнейшае за фізічную зброю. Але такая пакуль рэчаіснасць.
Любоў Лунёва belsat.eu