У Маскве праходзіць пасяджэнне Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД, падчас якой Аляксандр Лукашэнка паспеў падарыць Пуціну «вельмі сур'ёзны падарунак, створаны рукамі беларусаў», а Уладзімір Пуцін узнагародзіў Лукашэнку найвышэйшым дзяржаўным ордэнам Расеі.
9 кастрычніка Пуцін уручыў Лукашэнку ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага, паведамляе сайт Крамля. Лукашэнка ў адказ моцна дзякаваў: «Гэта ўсе мае ўзнагароды ў жыцці, я вельмі шаную гэтыя ўзнагароды».
Лукашэнка пацалаваў выдадзены яму ордэн, а паміж падзякамі сказаў Пуціну, што «мы – беларусы, украінцы, расейцы – расцем ад аднаго караня, нашае дрэва паходзіць ад аднаго караня».
Падчас другога за 2024 год пасяджэння Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД Пуцін і Лукашэнка правялі таксама двухбаковыя перамовы. Афіцыйна ў перамовах ішла размова пра «актуальныя пытанні далейшага развіцця расейска-беларускіх дачыненняў стратэгічнай супрацы і саюзніцтва з акцэнтам на інтэграцыйнае ўзаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы».
Але здаецца, што галоўная падзея – гэта не саміт, а святкаванне 7 кастрычніка ў Нова-Агарове дня нараджэння Пуціна. Паводле прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, усе кіраўнікі краінаў СНД былі на гэтай «абсалютна прыватнай сустрэчы» і «віншавалі яго з днём нараджэння», але паміж іншага абмяркоўвалі працоўныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы.
Лукашэнка распавўё таксама, што падарыў Пуціну «вельмі сур'ёзны падарунак, які стваралі нашыя ўмельцы, арыгінальны і асаблівы».
Падрабязней глядзіце ў «Аб'ектыве»:
Тэса Анэйда belsat.eu