Старшыня Беларускай федэрацыі гандболу Уладзімір Канаплёў распавёў, што ў нацыянальнай зборнай Беларусі не будзе запланаванага турніру – замест гэтага беларуская зборная будзе гуляць з расейскай «у рэжыме нон-стоп».
Паводле Уладзіміра Канаплёва, у мінулым сезоне ў іх прайшла «вельмі добрая серыя матчаў на ўзроўні нацыянальных мужчынскіх зборных… выдатная геаграфія была, гулялі ў Маскве, Чэхаве, Казані». Вырашылі паспрабаваць згуляць з іншымі краінамі, але нічога не выйшла.
«Але паўтарэнне аднаго і таго ж можа надакучыць. Таму мы вырашылі праявіць ініцыятыву і прыцягнуць шэраг краінаў Блізкага Усходу і Персідскай затокі да статусных спаборніцтваў. Фігуравалі і Катар, і Бахрэйн, і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, і Іран. На жаль, у міжнародных структурах нам адмовілі. Цяпер мы плануем, калі атрымаецца, ажыццявіць ідэю, каб некалькі камандаў Расеі і Беларусі згулялі ў рэжыме нон-стоп», – кажа Канаплёў у інтэрв'ю «Хуткаму цэнтру».
Пакуль вядома толькі, што замена міжнароднаму чэмпіянату пройдзе ў Магілёве.
«Абавязкова загадзя паведамім пра месца і час. Зразумела, усё здымем і адправім нашым заклятым сябрам у сусветную і еўрапейскую федэрацыі. Няхай убачаць, што, нягледзячы на ўсякія баны і адсутнасць маральнай падтрымкі, гандбол у Беларусі і Расеі жыў, жывы, і будзе жыць і развівацца», – падсумаваў ён.
Пры гэтым Канаплёў лічыць, што цікавасць да беларускага гандболу не вычарпалася ні пасля адмены чэмпіянатаў, ні пасля адтоку вядучых гульцоў, бо «паядынкі суперкубкаў у Маладзечне і Берасці прайшлі пры вялікай аўдыторыі гледачоў».
Тэса Анэйда belsat.eu