навіны

Вадзім Кабанчук: Украіна мае права атакаваць Беларусь

Украінскія вайскоўцы 26-й артылерыйскай брыгады страляюць з самаходнай гаўбіцы AHS Krab па расейскіх пазіцыях ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна
Украінскія вайскоўцы 26-й артылерыйскай брыгады страляюць з самаходнай гаўбіцы AHS Krab па расейскіх пазіцыях ля лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 30 верасня 2024 года. Фота: Genya Savilov / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Права атакаваць аб'екты ў Беларусі – гэта наступства таго, што ў 2022 годзе расейскія вайскоўцы напалі на Украіну ў тым ліку з тэрыторыі нашай краіны, заявіў міністр абароны ў АПК Вадзім Кабанчук «Белсату», каментуючы ідэю ўкраінскага дэпутата аб «пераносе вайны ў Беларусь».

Прадстаўніку Аб'яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзіму Кабанчуку план украінскага дэпутата Алега Дунды агулам спадабаўся, праўда, з агаворкамі:

,,

«Падтрымоўваю, але з агаворкаю, каб не было так, што Кабанчук заклікаў да вайны, грамадзянскай ці яшчэ якой. Сцэнар можа быць уласна вайсковы, невайсковы і гібрыдны. Я прытрымліваюся такога сцэнару, пры якім была б мінімізаваная рызыка для грамадзянаў Беларусі, цывільных і для сілавікоў у тым ліку. Я не прыхільнік руху франтамі ці калонамі і знішчэння перашкодаў усімі магчымымі агнявымі сродкамі».


У размове з «Белсатам» Кабанчук адзначыў, што Украіна мае права атакаваць Беларусь, бо нашая краіна – суагрэсар у вайне:


«Гэты сцэнар можа быць рэалізаваны толькі ў ваенным выглядзе, калі Украіна пабачыць паўтор 2022 года, калі пачынае канцэнтравацца ўдарная групоўка на тэрыторыі Беларусі. Яна, дарэчы, можа пачаць канцэнтравацца нават сёлета, бо Лукашэнка з расейцамі зноў плануе супольныя вучэнні. У 2022-м яны былі камуфляжам перад уварваннем ва Украіну».


У такой жа аперацыі ЗСУ на тэрыторыі Беларусі, як у Курскай вобласці Расеі, міністр абароны ў Кабінеце сэнсу не бачыць:


«Я не бачу пры такім сцэнары магчымасці змены ўлады і вызвалення Беларусі. Я за сцэнар поўнай дэакупацыі Беларусі і ліквідацыі рэжыму».


Кабанчук не сумняецца, што ў планах украінскага Генштабу пазначаныя цэлі ўдараў у Беларусі, прапісаныя пратаколы дзеянняў, улічваючы напад расейскіх вайскоўцаў з нашай тэрыторыі на пачатку поўнамаштабнай вайны.

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук. Варшава, Польшча. 2 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінету ў абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук. Варшава, Польшча. 2 лютага 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

«Іншая рэч, што для рэалізацыі такіх аперацыяў кшталту курскай патрэбная палітычная воля, і тут пытанне да палітыкаў Украіны. Мы можам толькі спекуляваць, дзеля чаго гэтая заява была зробленая, але відавочна, што Беларусь для Украіны нясе патэнцыйную пагрозу. Пытанне з гэтай пагрозаю рана ці позна давядзецца развязваць», – кажа прадстаўнік Пераходнага кабінету.


Ён падсумаваў, што агулам да размоваў пра вайну на тэрыторыі Беларусі прывяла «авантурная палітыка Лукашэнкі»:

,,

«Нават такіх размоваў уявіць сабе яшчэ тры гады таму было проста немагчыма. Гэта ўсё наступствы авантурнай палітыкі Лукашэнкі».


Алег Дунда – з фракцыі кіроўнай партыі «Слуга народу». Ягоны калега з фракцыі, сустаршыня дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Вадзім Галайчук палічыў ідэю аб уварванні ў нашую краіну правакацыяй:


«Хутчэй гэта дурната, але ўспрымаецца як правакацыя».


Украінскі палітолаг Яўген Магда ў каментары «Белсату» назваў «план Дунды» хайпам і іранічна заўважыў, што на аднаго эксперта ў галіне Беларусі цяпер пабольшала:

,,

«Мяркую, заява Дунды была зробленая найперш дзеля хайпу, бо ён раней ніколі не праяўляў сябе ў беларускіх справах і цяпер зрабіўся вядомым. Ну, стала на аднаго эксперта ў галіне Беларусі ва Украіне болей».


Магда падкрэсліў, што дэпутат «не вельмі добра разбіраецца ва ўсім гэтым».


«Мы мусім звяртаць увагу на тое, наколькі гэта адэкватна, наколькі гэта патрэбна, наколькі ўсім нам гэта выгадна. Такія папрокі без сур'ёзных зменаў украінскай палітыкі ў дачыненні Беларусі будуць марнымі», – канстатаваў аналітык.


Паводле яго, у Кіеве маюць, напрыклад, узмацніць інфармацыйны ўплыў на Беларусь, а не пагражаць вайною.


«Нам патрэбна хаця б на афіцыйным узроўні ўжываць у дыскусіях тэрміны „лукашысты” і „беларусы”, а ўжо потым разважаць пра тое, як невялікім фармаваннем ЗСУ зайсці ў Беларусь. Той, хто думае, што Беларусь у гэтым сэнсе нагадвае спелы яблык, які ўпадзе ў рукі, як толькі дакранешся да яго, той, на мой погляд, глыбока памыляецца», – рэзюмаваў Магда.

Алег Дунда. Фота: uatv.ua
Украінскі дэпутат Алег Дунда: «Трэба пераносіць вайну ў Беларусь» навіны

Як заяўляў дэпутат Дунда, «перанос баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі» дазволіць Украіне перамагчы ў вайне.


«Я глыбока ўпэўнены: калі зойдзем адносна невялікімі падраздзяленнямі ў Беларусь, беларускае войска складзе зброю. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве: паказаць, што яна не кантралюе гэтых тэрыторыяў, не гатовая абараняць іх», – упэўнены дэпутат.


У каментары «Белсату» ён тлумачыў, што бачыць такую аперацыю ў супрацы ЗСУ з «прадстаўнікамі беларускай грамадскасці»:


«Патрэбны лідар, які будзе ісці фактычна з нашай арміяй і якога беларусы будуць гатовыя прыняць, бо мы – не акупанты і не павінны кіраваць Беларуссю. Беларуссю мусяць кіраваць самі беларусы».


На гучную прапанову ўкраінскага дэпутата адрэагавалі і ў Менску, і ў Маскве. Колішні прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што ў выпадку ўварвання ЗСУ «в Белоруссию» ў Аляксандра Лукашэнкі будуць падставы звярнуцца да Расеі «для выкарыстання размешчанай у Беларусі тактычнай ядравай зброі». «І яму цяжка будзе адмовіць у задавальненні паглядзець на агеньчыкі ў Кіеве», – напісаў Мядзведзеў у сваім Telegram-канале.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі ў Жытоміры на Другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. 4 кастрычніка 2019 года. Фота: president.gov.ua
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Зяленскі ў Жытоміры на Другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны. 4 кастрычніка 2019 года. Фота: president.gov.ua

Сам Лукашэнка назваў заяву ўкраінскага парламентарыя «вяканнем» і адзначыў, што Украіне новы фронт не патрэбны:


«Ну, няхай паспрабуюць. Мы іх чакаем. Але мушу вам сказаць, што калі хтосьці, як кажу, і вякае, то гэта людзі, якія абсалютна не прымаюць аніякіх рашэнняў. Гэта проста вяканне звычайнае. І ніхто з сур'ёзных людзей, нават на ўзроўні прэзідэнта Зяленскага, не думае пра тое, што патрэбна зайсці ў Беларусь. Гэта галаўны боль вельмі сур'ёзны, які прывядзе кіеўскія ўлады да вайсковага краху». 


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10