Лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне хіміі 2024 года сталі навукоўцы Дэвід Бэйкер, Дэміс Гасабіс і Джон Джампэр. Прэмія прысуджаная за вывучэнне структуры бялкоў.
У прэс-рэлізе Нобэлеўскага камітэту гаворыцца, што амерыканскаму хіміку Дэйвіду Бэйкеру ўдалося стварыць зусім новыя віды бялкоў. Брытанцы Дэміс Гасабіс і Джон Джампэр распрацавалі мадэль штучнага інтэлекту для развязання праблемы паўвекавой даўнасці – прадказання складанай структуры бялкоў.
На думку Нобэлеўскага камітэту, адкрыцці лаўрэатаў маюць велізарны патэнцыял. Бялкі кантралююць і прыводзяць у дзеянне ўсе хімічныя рэакцыі, якія ў сукупнасці складаюць аснову жыцця на Зямлі. Таксама бялкі выконваюць функцыі гармонаў, сігнальных рэчываў, антыцелаў і будаўнічых блокаў розных тканінаў. Бялкі звычайна складаюцца з 20 розных амінакіслотаў, якія можна назваць будаўнічымі блокамі жыцця.
У 2003 годзе Дэйвіду Бэйкеру ўдалося выкарыстаць гэтыя блокі для стварэння зусім новага бялка, не падобнага ні на адзін іншы. З тых часоў ягоная даследчая група стварае новыя бялкі, у тым ліку тыя, якія можна выкарыстоўваць у якасці лекаў, вакцынаў, нанаматэрыялаў і мініяцюрных датчыкаў.
Адкрыццё Гасабіса і Джампэра звязанае з прадказаннем структуры бялкоў. У бялках амінакіслоты злучаныя ў даўгія ланцугі, якія складаюцца ў трохмерную структуру, якая вызначае функцыю бялка. Пачынаючы з 1970-х гадоў даследчыкі спрабавалі прадказаць структуру бялкоў праз паслядоўнасці амінакіслотаў, але гэта аказалася няпроста.
У 2020 годзе Дэміс Гасабіс і Джон Джампэр прадставілі сістэму з ужываннем тэхналогіяў штучнага інтэлекту пад назвай AlphaFold2. З яе дапамогай яны змаглі прадказаць структуру практычна ўсіх 200 млн бялкоў, ужо ідэнтыфікаваных даследчыкамі. І гэта сапраўдны прарыў. AlphaFold2 ужо карыстаюцца больш за два мільёны навукоўцаў з 190 краінаў. З яе дапамогай можна больш дэталёва зразумець, напрыклад, ўстойлівасць да антыбіётыкаў і канструяваць ферменты, здольныя раскладаць нават пластык.
Грашовая частка прэміі ў памеры 11 млн шведскіх кронаў (каля 1 мільёну еўраў) будзе падзеленая пароўну. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 10 снежня ў Стакгольме, у дзень смерці Альфрэда Нобэля.
Надзея Вольная belsat.eu