навіны

У Беларусі стварылі 22 атрады «добраахвотнікаў» для абароны «тэрытарыяльнай цэласнасці»

Чарговыя вучэнні ў Беларусі
Чарговыя вучэнні ў Беларусі. Фота: МУС Беларусі
podpis źródła zdjęcia

Прэс-служба Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі апублікавала відэафрагмент каментара сакратара Савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча па выніках праведзеных 8 кастрычніка комплексных заняткаў з вайсковаабавязанымі. За кошт прыцягнення гэтых сілаў, паводле чыноўніка, «баявы патэнцыял дзейных спецпадраздзяленняў можа быць узмоцнены ў два-тры разы».

«Калі хтосьці паквапіцца на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі», то па камандзе Аляксандра Лукашэнкі спецпадраздзяленні будуць неадкладна ўзмоцненыя людзьмі, якія «маюць досвед і выдатна валодаюць спосабамі вядзення баявых дзеянняў», – цытуе заяву Аляксандра Вальфовіча «Позірк».

Захаду ладзілі «ў межах рэалізацыі даручэння» Лукашэнкі прывесці ў ідэальны стан войска і сілавы блок у цэлым». Узровень пажрыхтаванасці сілавікоў ацэньвалі сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, міністр унутраных справаў Андрэй Кубракоў і намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Уладзімір Пярцоў.

Нагадаем, што на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расеі супраць Украіны рэжым Лукашэнкі безупынна праводзіць вучэнні і зборы. Гэтым разам комплексныя заняткі з вайсковаабавязанымі прайшлі на палігоне вучэбнага цэнтру спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў.

Кубракоў заявіў, што ў МУС на сёння створаныя 22 атрады «добраахвотнікаў», колькасць якіх «стала расце». У іх склад увайшлі былыя вайскоўцы ўнутраных войскаў і міліцэйскіх спецпадраздзяленняў. Вучэнні былых спецназаўцаў будуць праходзіць па ўсёй краіне.

Таксама 8 кастрычника падчас саміту кіраўнікоў краінаў СНД, які прайшоў у Маскве, Аляксандр Лукашэнка апавёў, якім будзе пратакол прыняцця пастановаў аб ужыванні ядравай зброі, а таксама пракаментаваў прапанову ўкраінскага дэпутата Алега Дунды перанесці вайну на тэрыторыю Беларусі. Лукашэнка падкрэсліў: калі хтосьці міне дзяржаўную мяжу, будзе зроблена ўсё «для ўжывання ўсёй зброі, што ёсць у Беларусі».

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10