навіны

Расследаванне: «Белшына» забяспечвае шынамі расейскую армію

расейская ваенная тэхніка
Расейская ваенная тэхніка з шынамі ад “Белшыны”, прадстаўленая на ваенна-тэхнічным форуме “Армія-2023” у Падмаскоўі. Крыніца: investigatebel.org
podpis źródła zdjęcia

Бабруйскае прадпрыемства «Белшына» , якое дамаглося таго, каб яго выкрэслілі з санкцыйнага спісу Еўразвязу, пастаўляе сваю прадукцыю расейскім вайскоўцам, гаворыцца ў расследаванні Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Міністэрства абароны ўваходзіць у спіс расейскіх пакупнікоў прадукцыі «Белшыны» . Яно набывала шыны праз свайго дыстрыбутара ТАА «Белнафтахім-Рос», канчатковы бенефіцыяр якога - беларуская дзяржава, гаворыцца ў расследаванні БРЦ.


З 2022 па 2023 гады дыстрыбутар «Белшыны» і Мінабароны РФ заключылі кантракты на суму большую за 19,5 мільёнаў долараў. У першым паўгоддзі мінулага года «Белнафтахім-Рос» паставіў Мінабароны РФ прадукцыю на суму, большую за 11 мільёнаў долараў. За ўвесь год фірма-дыстрыбутар закупіла больш за 2 мільёны шын на 90 мільёнаў долараў.


Шыны, вырабленые на «Белшыне», выкарыстоўваюцца на самаходнай гаўбіцы «Мальва» і ў цягачу БАЗ, адаптаваным пад сістэму супрацьпаветранай абароны С-400. Гэтую тэхніку расейская армія выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны, у прыватнасці, у атаках на Харкаўскую вобласць.


Расследавацелі знайшлі самаходную гаўбіцу «Мальва» і цягач БАЗ з беларускімі шынамі на расейскім ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2023».


Таксама БРЦ знайшоў пацверджанне супрацы «Белшыны» з шэрагам расейскіх прадпрыепмстваў, якія вырабляюць ваенную тэхніку.


У сакавіку 2024 года «Белшына» дамаглася зняцца санкцыяў Еўразвязу. Прадпрыемства рабіла акцэнт на тым, што з'яўляецца стратным, і таму беларуская дзяржава не магла атрымліваць ад яго прыбытак. Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі загадаў зняць санкцыі з ААТ «Белшына», бо палічыў недаказанымі сцвярджэнні, што прадпрыемства фінансуе рэжым Лукашэнкі і звязанае з падтрымкай вайны Расеі супраць Украіны.


Летась дыстрыбутарам «Белшыны» стаў «Гандлёвы дом БелАЗ», 45% акцыяў якога валодае Прэзідэнцкі спартовы клуб, якім кіруе Дзмітрый Лукашэнка, сын Аляксандра Лукашэнкі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10