Падчас саміту кіраўнікоў краінаў СНД, што прайшоў 8 кастрычніка ў Маскве, Аляксандр Лукашэнка распавёў, якім будзе пратакол прыняцця пастановаў аб ужыванні ядравай зброі, а таксама пракаментаваў прапанову ўкраінскага дэпутата Алега Дунды перанесці вайну на тэрыторыю Беларусі.
«Слухайце, нават калі б мы, як Паўночная Карэя, мелі зброю (ядравую – рэд.), вырабленую і створаную ў сябе, ніколі ў жыцці ніводная краіна не ўжыла б яе самастойна без кансультацыі са сваімі саюзнікамі. А пагатоў нам без кансультацыі з Расейскай Федэрацыяй», – заявіў Лукашэнка.
«Бразгаць гэтай зброяй – сур'ёзная справа», паводле Лукашэнкі, таму, «калі б раптам, то натуральна, мы не проста кансультаваліся б, мы вельмі сур'ёзна правялі б перамовы з прэзідэнтам Расеі наконт ўжывання гэтай зброі».
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што калі хтосьці перасячэ дзяржаўную мяжу, будзе зроблена ўсё «для ўжывання ўсёй зброі, што ёсць у Беларусі».
Надоечы Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея пакідае за сабою права ўжыць ядравую зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі. Магчымасць ужывання ядравай зброі будзе разгледжаная і ў выпадку атакаў беспілотнікаў ці самалётаў. Паводле абноўленай ядравай дактрыны, Расея можа адказаць ядравай зброяй нават на атаку любой няядравай краіны, што дзейнічае пры падтрыманні ядравай дзяржавы, то бок гэта будзе разглядацца як сумесны напад на РФ.
У адказ на пытанне, ці нясе абнаўленне ядравай дактрыны Расеі дадатковыя рызыкі для Беларусі, Лукашэнка адказаў:
«Рызыкі для некага новыя з'явіліся, гэта дакладна. Але не для нас».
Таксама Лукашэнка пракаментаваў нядаўнюю заяву ўкраінскага дэпутата Алега Дунды пра неабходнасць пераносу вайны на тэрыторыю Беларусі:
,,«Ну, няхай паспрабуюць. Мы іх чакаем. Але я мушу вам сказаць, што калі хтосьці, як я кажу, і вякае, то гэта людзі, якія абсалютна не прымаюць аніякіх пастановаў. Гэта проста вяканне звычайнае. І ніхто з сур'ёзных людзей, нават на ўзроўні прэзідэнта Зяленскага, не думае пра тое, што трэба зайсці ў Беларусь. Гэта галаўны боль вельмі сур'ёзны, што прывядзе да краху ўвогуле ў ваенным сэнсе кіеўскія ўлады. Яны могуць казаць што заўгодна. Мы ў гэтым сэнсе абсалютна спакойныя».
Марыя Міхалевіч belsat.eu