У панядзелак, 7 кастрычніка, быў затрыманы пробашч парафіі Сэрца Езуса ў вёсцы Крулеўшчына Віцебскай вобласці ксёндз-канонік Юрый Бараўнёў, паведамляе «Хрысціянская візія».
Святара пераследуюць за нібыта захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП РБ). Яго будуць судзіць.
Віцебская вобласць — «лідар» паводле затрыманняў каталіцкіх святароў. Усяго з 2020 года адміністратыўныя арышты ў Беларусі зазнаў 31 ксёндз, з іх 13 — з Віцебскай дыяцэзіі.
З 8 траўня 2024 года за кратамі застаецца ксёндз Анджэй Юхневіч, таксама з Віцебскай вобласці. Яму пагражаюць фальшывымі абвінавачаннямі ў злачынствах супраць сексуальнай недатыкальнасці непаўналетніх, што можа сур'ёзна пашкодзіць ягонай рэпутацыі.
У верасні скончылася следства ў справе супраць пробашча рымска-каталіцкай парафіі ў Валожыне ксяндза Генрыха Акалатовіча. Неўзабаве мае адбыцца суд. Святара абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».
Марыя Міхалевіч belsat.eu