навіны

Лукашэнка сек дровы, а Пашыньян катаўся на ровары. Чым займаліся кіраўнікі СНД перад самітам

Дровы, якіх, паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, ён насёк
Дровы, якіх, паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, ён насёк. Фота: Пул Первого / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Маскве праходзіць пасяджэнне Савету кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Перад сустрэчай Уладзімір Пуцін асобна прыняў у сябе прэзідэнта Азербайджану, а затым прэм'ер-міністра Арменіі. Некаторыя палітыкі прыдумалі сабе заняткі да сустрэчаў. У Лукашэнкі гісторыя выглядае дзіўна.

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі пахвалілася, што іхны начальнік насек дроваў у Маскве перад паездкай у Крэмль:


«Размінка першага перад афіцыйнаю позваю! Дровы для гэтай самай размінкі знойдуцца і ў Маскве».


Напэўна, ён павінен быць у добрай форме, аднак чамусьці ў яго моцная дыхавіца, калі гаворыць з расейскім журналістам. Яму ж Лукашэнка выдаў, што ўлады Беларусі «падтрымліваюць пэўныя кантакты з украінскімі ўладамі».


Мацней выглядае прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян. Ён зняў відэа, дзе катаўся на ровары па Маскве. Дыхае нядрэнна для чалавека, які энергічна рухаецца і адначасна гаворыць. Пазней Пашыньян абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным нармалізацыю стасункаў з Азербайджанам.


Іншыя лідары краінаў СНД былі менш актыўныя ці прынамсі паказвалі толькі афіцыйныя кадры. Напрыклад, прэс-служба прэзідэнта Казахстану Касым-Жамарта Такаева паказала, як ягоны чорны картэж пад'язджае да Крамля.


Пасяджэнне Савету кіраўнікоў краін СНД праходзіць 8 кастрычніка. Аляксандр Лукашэнка выправіўся туды яшчэ 7 кастрычніка, у дзень нараджэння Уладзіміра Пуціна, якому споўнілася 72 гады.


У пасяджэнні таксама бяруць удзел прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў, прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян, прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў, прэзідэнт Кыргызстану Садыр Жапараў, прэзідэнт Таджыкістану Эмамалі Рахмон, прэзідэнт Туркменістану Сердар Бердымухамедаў, прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў і генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10