ЕАЭС абмяркоўвае законапраект, які прадугледжвае зніжэнне ліміту на бязмытныя пасылкі да € 50. Для беларусаў гэта азначае рост цэнаў у інтэрнэт-крамах і тое, што даступных маркетплэйсаў стане менш, мяркуе эканаміст, прэзідэнт Міжнароднага інстытуту свабоды Яраслаў Раманчук.
Калі ЕАЭС ухваліць законапраект у цяперашнім выглядзе, то фізічныя асобы ў краінах саюзу здолеюць замаўляць пасылкі без мыта, калі іх кошт:
- не перавышае € 200 у 2025 годзе;
- не перавышае € 100 у 2026 годзе;
- не перавышае € 50 у 2027 годзе.
«Гэта прывядзе да таго, што цэны ў крамах і найперш у інтэрнэт-крамах будуць павялічвацца. Гэта таксама спроба манапалізацыі рынку, бо, калі шмат гэтыхкрамаў, тады можна і канкурэнцыю зрабіць, а гэта не падабаецца таталітарным сістэмам, арыентаваным на дзяржаўны план, – кажа «Белсату» Яраслаў Раманчук. – Таму замест усіх гэтых маркетплэйсаў будуць дзве – тры вызначаныя структуры, якім будзе дазволена больш як іншым. Калі шмат гульцоў на рынку, ёсць “сверб” зрабіць іх менш, каб тыя, хто застаўся, мог накручваць цану. Так што гаворка не пра нейкі парадак, бяспеку або асартымент. Проста дзяржплан не працуе ў рэжыме канкурэнцыі – яму трэба рэгуляваць».
Магчыма, камусьці ўдасца застацца на рынку праз хабар, мяркуе эканаміст. Але ж шмат людзей закупаюцца ў тым ліку на буйным кітайскім маркетплэйсе. Ці не сапсуе гэта сяброўства з Кітаем?
«Сяброўства сяброўствам, але мы ўжо за 20 гадоў ператварыліся ў правінцыю, якая купляе шмат кітайскіх тавараў. Цяпер ідзе кітаізацыя беларускага рынку, расейскага. Амаль кожны другі аўтамабіль таксама ўжо кітайскай вытворчасці, можа, сабраны ў Беларусі.
Таму гаворка пра тое, дзе могуць быць большыя выгады для нейкіх асобаў, якія карыстаюцца гэтымі плынямі. Ведаеце, Лукашэнка сябе ніяк не абдзеліць. Калі нешта не кантралюецца, а там можна пажывіцца, ён гэта зробіць.
Таму скажуць, што ў нас імпартазамяшчэнне, і абвясцяць, што гэта перамога беларускай эканамічнай мадэлі», – робіць выснову Яраслаў Раманчук.
Арсен Рудэнка belsat.eu