Ганна Сялук ціха і непрыкметна гадавала дзяцей ад сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі, зарабляла на дывідэндах ад «БелАЗу», а потым атрымала «падарунак неба» – і зрабілася галоўнаю паэткаю-песенніцаю прапаганды.
За тры гады яна напісала больш за сто вершаў, а два апошнія гады атрымлівала прэмію «Песня года Беларусі» як найлепшы аўтар словаў. «Белсат» сабраў усё, што вядома пра аўтарку шансон-кампазіцыяў «Ах, Александр», «Цените настоящего мужчину» і «Бульба-дэнс», прысвечаных беларускаму дыктатару.
Пачатак. Трапіла ў сям’ю Лукашэнкі – і схавала звесткі пра бацьку
Ганна Сяргееўна Лукашэнка (Гаравікова) нарадзілася 2 ліпеня 1980 года ў Шклове. Паводле звестак Альянсу расследавальнікаў Беларусі, маці нарадзіла Ганну за тры гады да шлюбу з Сяргеем Палешкіным, а праз тры гады рассталася з ім і выйшла замуж за Віктара Гаравікова. Пакуль Палешкін адбываў шматлікія адседкі за крадзяжы і рабаванне, свёкар шмат разоў незаконна даставаў яго з турмы, але ў 2002 годзе Палешкіна сцерлі з дакументаў, запісаўшы бацькам Ганны Віктара Гаравікова.
У тым самым годзе Ганна выйшла замуж за сярэдняга сына Аляксандра Лукашэнкі – Дзмітрыя, з якім пазнаёмілася яшчэ ў Шклове. Цяпер у іх тры дачкі: Дар'я, Анастасія і Аляксандра.
«Старэйшыя праяўляюць музычныя здольнасці, не раз адзначаныя на розных фестывалях і конкурсах», – пісаў пра дзяўчат сайт Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, у Ганны ёсць родная сястра – Таццяна Кулакова, якая таксама не засталася без пасады. Ейны муж Аляксей Кулакоў валодае некалькімі кампаніямі (у тым ліку менскім рэстаранам «Fabriq») і ўзначальвае Клуб тэнісу, што ўваходзіць у структуру Прэзідэнцкага спартовага клубу (старшыня якога – Дзмітрый Лукашэнка).

«Мой прыход у творчасць – падарунак неба»
У канцы 2021 года Ганна Лукашэнка зрабілася Ганнай Сялук (абрэвіятура першых літараў імя па бацьку і прозвішча) і пачала пісаць вершы для песень у неймавернай колькасці. Ейны першы допіс у «Інстаграм» у якасці аўтаркі песень з'явіўся 14 снежня 2021 года. За наступныя тры гады яна напісала больш за сотню песень, а ў каментарах на ейных старонках пануе дзіўная аднадушнасць – суцэльныя оды ейнаму неймавернаму таленту.
«У кожнага з нас ёсць свая дзіўная гісторыя… Мой прыход у творчасць – падарунак неба і людзей, якія ў мяне паверылі», – расказала Ганна Сялук у інтэрв’ю «Мінскай праўдзе».
Як можна напісаць сто песень за пару гадоў? На напісанне тэкстаў, паводле Ганны, сыходзіць «10-15 хвілінаў, але некаторыя выношваюцца месяцамі», а натхняецца яна песнямі з радыёстанцыяў і расейскім Z-паэтам Уладам Маленкам.
«Музыку часцей за ўсё я слухаю ў аўтамабілі, з тых плэй-лістоў, якія прапаноўваюць радыёстанцыі. Нечаму канкрэтнаму ў гэтым сэнсе я не аддаю перавагі, бо мне падабаюцца і розныя выканаўцы, і розныя песні», – казала яна ў размове з адным з беларускіх рэсурсаў.

Калі паслухаць словы ў песнях Сялук, усё становіцца цалкам зразумела: «Шуба, шуба, шуба, шуба. Туз крестей, а козырь буба»; «трасецца лес і скача поле – гэта бульба-дэнс, у бульбе сэнс і наша доля» і гэтак далей.
Шмат яе «хітоў» прысвечаныя свёкру-кармільцу, напрыклад, «Ах, Александр», «Цените настоящего мужчину» і «Бульба-дэнс». Сярод песень можна знайсці ўсю тэматыку для дзяржзамовы: прысвечаная Году якасці «Сделано в Беларуси», гімн МУС «Мы там, где нужны», гімн Генпракуратуры «Хранители права», прапагандысцкія «Мірнае неба», «Беларуская жонка», «Жонка афіцэра» ды іншыя.
Сярод выканаўцаў песень на тэксты Ганны Сялук можна знайсці амаль усіх праўладных артыстаў: Алену Ланскую, Руслана Аляхно, Аляксандра Саладуху, Ірыну Дарафееву, Вікторыю Алешку, Ганну Благаву ды іншых. Здаецца, за гэта яны павінны потым узгадваць аўтарку добрым словам у кожным інтэрв'ю і кожнай праграме са сваім удзелам. Выглядае, што Ганна Сялук прыходзіць да артыстаў з гатовымі словамі песні і просіць яе выканаць. Напрыклад, пра гэта расказваў выканаўца «Беларускай жонкі» Дзмітрый Азаранка.
«Яна паглядзела мяне ў «Інстаграме», сказала: «Ты такі вясёлы, актыўны. Давай паглядзім з табой вясёленькае штосьці для тэмы песні». На наступны дзень у мяне ўжо ляжаў тэкст», – казаў Азаранка.

На ўручэнне ўзнагароды «Шансон года» Ганна лятала ўрадавым бізнес-джэтам, а прасоўваннем займаецца ейная родная сястра
Большую частку сваёй творчай энергіі Ганна Лукашэнка накіроўвае на Аляксандру Мелех – настаўніцу з Нароўлі, кар'ера якой рэзка пайшла ўверх пасля выканання песень, прысвечаных Аляксандру Лукашэнку. Сялук аддала гэтай спявачцы галоўныя «хіты» пра свёкра, але і яны народнаю любоўю не карыстаюцца: на канал Мелех падпісаныя 149 чалавек, а кліпы збіраюць не больш за тысячу праглядаў. Зрэшты, гэта добра адлюстроўвае ўсю творчасць Ганны Сялук: ніякія грошы, піяр-кампаніі, гвалтоўнае прасоўванне на радыё і тэлебачанні ды дзяржаўныя ўзнагароды не могуць выклікаць народнай любові.

Прасоўваннем Сялук займаецца «Музычная медыякампанія» – галоўны дастаўца трэшу на беларускае радыё і тэлебачанне. Ім да ўсенароднай папулярнасці таксама далёка: на YouTube ў «Медыякампаніі» 1,91 тыс. падпісчыкаў і 89 відэа (амаль ува ўсіх песнях аўтарка словаў – Ганна Сялук). Кіроўную пасаду тут займае Таццяна Кулакова, родная сястра Ганны. 30 % «Музычнай медыякампаніі» належаць Кіраўніцтву справамі Лукашэнкі, 70 % – прыватнай кампаніі «АНСЛ прадакшн», якою на паперах кіруе адзін з падначаленых Дзмітрыя Лукашэнкі, Андрэй Урублеўскі. Але абрэвіятура АНСЛ прымушае задумацца, хто там насамрэч кіраўнік.
У снежні 2023 года Лукашэнка ўзнагародзіў Ганну прэміяй «за вялікі асабісты ўнёсак у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятываў». Два апошнія гады яна таксама атрымлівала прэмію «Песня года Беларусі» як найлепшы аўтар словаў. А сёлета атрымала яшчэ і прэмію «Шансон года» ад расейскай радыёстанцыі «Шансон», заснаванай сябрам Лукашэнкі, алігархам і таксама аўтарам песень у стылі шансон Міхаілам Гуцэрыевым. На ўручэнне такой важнай узнагароды Ганна паляцела ўрадавым бізнес-джэтам, то бок за грошы падаткаплатнікаў.
Тэса Анэйда belsat.eu