Віцэ-прэзідэнтка ЗША Камала Гэрыс, якая балатуецца ў Белы дом ад Дэмакратычнай партыі, у інтэрв’ю тэлеканалу CBS паабяцала не весці беспасярэдніх перамоваў з Уладзімірам Пуціным пра заканчэнне вайны ва Украіне без удзелу Кіева.
На пытанне пра гатовасць сустрэцца з кіраўніком РФ наконт перамоваў пра заканчэнне вайны ва Украіне палітык заявіла, што на двухбаковай аснове рабіць гэтага не будзе: «Без Украіны ‒ не. Украіна мусіць мець права вызначаць сваю будучыню», перадае Бі-Бі-Сі.
Гэтая пазіцыя Камалы Гэрыс адрозніваецца ад таго, пра што кажа ейны канкурэнт на прэзідэнцкіх выбарах Доналд Трамп з Рэспубліканскай партыі, які неаднаразова казаў, што гатовы весці беспасярэднія перамовы пра заканчэнне вайны як з расейскімі, гэтак і з украінскімі ўладамі. Пры гэтым ягоныя супернікі асцерагаюцца, што пры ім Кіеў паспрабуюць схіліць да тэрытарыяльных саступак або да замарожвання канфлікту.
Віцэ-прэзідэнтка раскрытыкавала пазіцыю Трампа адносна вайны ва Украіне:
«Калі б Доналд Трамп быў прэзідэнтам, Пуцін бы цяпер сядзеў у Кіеве. Ён кажа: „Ды я ўсё гэта ў першы ж дзень скончу“. Але ведаеце, што гэта значыць насамрэч? Гаворка ідзе пра капітуляцыю».
Таксама Гэрыс адказала, якім бачыць паспяховае заканчэнне вайны ва Украіне. Паводле яе, гэты поспех маюць вызначаць Украіна і Хартыя ААН.
Прэзідэнцкія выбары ў ЗША адбудуцца 5 лістапада. Пакуль Гэрыс і Трамп маюць прыкладна роўныя шанцы на абранне прэзідэнтам.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, наведваючы ЗША ў верасні, сустрэўся з абодвума галоўнымі кандыдатамі, прэзентаваўшы ім і дзейнай адміністрацыі свой план перамогі. Афіцыйна дакумент апублікаваны не быў, але, паводле журналістаў, ён утрымлівае дэталёвы пералік зброі і тэхнікі, неабходнай Украіне, каб перамагчы Расею на полі бою. Падкрэсліваецца важнасць дазволу на выкарыстанне дальнабойных заходніх ракетаў для ўдараў углыб расейскай тэрыторыі.
Палітычны складнік плану абымае запросіны Украіны ў NATO і ўвогуле права Кіева быць сябрам любога альянсу, не звяртаючы ўвагі на пазіцыю якіх-кольвек трэціх краінаў. Эканамічны складнік прадугледжвае нарошчванне інвестыцыяў у вайсковую вытворчасць на тэрыторыі Украіны, а таксама ўзмацненне антырасейскіх санкцыяў. А дыпламатычны складнік патрабуе працы з краінамі Глабальнага Поўдня.
Якуб Хруст belsat.eu