навіны

Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізікі далі за фундаментальныя даследаванні нейрасетак

Джон Гопфілд і Джэфры Гінтан. Фота: The Nobel Prize / X
Джон Гопфілд і Джэфры Гінтан. Фота: The Nobel Prize / X
podpis źródła zdjęcia

Лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі 2024 года ў галіне фізікі сталіся Джон Гопфілд і Джэфры Гінтан, якія зрабілі «асноўныя адкрыцці і вынаходніцтвы, што забяспечваюць машыннае навучанне з дапамогаю штучных нейронавых сетак».

Два сёлетнія лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізікі выкарысталі інструменты фізікі для распрацоўвання метадаў, якія ёсць асноваю сучаснага машыннага навучання. Джон Гопфілд стварыў асацыятыўную памяць, якая можа захоўваць і рэканструяваць выявы ды іншыя тыпы шаблонаў у звестках. Джэфры Гінтан вынайшаў метад, што можа аўтаномна знаходзіць уласцівасці ў звестках і такім чынам выконваць такія задачы, як ідэнтыфікацыя пэўных элементаў на малюнках.

Лаўрэаты правялі важную працу са штучнымі нейрасеткамі з 1980-х гадоў.

«Праца лаўрэатаў ужо прынесла вялікую карысць. У фізіцы мы выкарыстоўваем штучныя нейронавыя сеткі ў шырокім дыяпазоне галінаў: напрыклад, распрацоўванне новых матэрыялаў са спецыфічнымі ўласцівасцямі», кажа Элен Мунс, старшыня Нобэлеўскага камітэту ў галіне фізікі.

Нарадзінец Чыкага Джон Гопфілд працуе ў Прынстанскім універсітэце ў ЗША, а лонданец Джэфры Гінтан працаўнік канадскага Універсітэту Таронта. 

Лаўрэатамі Нобэлеўскай прэміі ў галіне фізіялогіі ці медыцыны 7 кастрычніка сталіся амерыканскія біёлагі Віктар Эмбрас і Гэры Раўкун. Іх узнагародзілі за адкрыццё малекулаў мікраРНК, якія адыгрываюць вызначальную ролю ў рэгуляцыі генаў. 

9 кастрычніка абвесцяць лаўрэатаў у галіне хіміі, 10 кастрычніка будзе вядомае імя пераможцы ў галіне літаратуры, 11 кастрычніка абвесцяць лаўрэата прэміі міру, а 14 кастрычніка эканамічнай прэміі.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10