навіны

Бургерныя ад расейскага рэпера Тымаці збанкрутавалі ў Менску

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: tripadvisor.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: tripadvisor.ru
podpis źródła zdjęcia

Эканамічны суд Менску пачаў вядзенне ў справе банкруцтва кампаніі «БлэкСтарБургер», якая вырабляла бургеры паводле франшызы расейскага спевака Тымаці.

Як вынікае з дакументаў, апублікаваных на партале ЕГРСБ, кампанія вінная паводле дамовы арэнды больш як 336 тыс. рублёў, піша «Office Life».

«БлэкСтарБургер» адкрыла першы рэстаран у Менску, на Нямізе, у чэрвені 2019-га, купіўшы эксклюзіўныя правы на беларускую франшызу сеткі рэпера Тымаці «Black Star Burger». У лістападзе таго ж года адкрыўся другі пункт у ГЦ «Dana Mall», прычым на яе адкрыццё прыехаў сам Тымаці. Потым рэстараны сеткі некалькі разоў мянялі лакацыі (у «Galleria Minsk», «Тытан» ды іншых месцах) і гэтак жа хутка зачыняліся.

Арэндадаўцам кампаніі была даччыная кампанія «Dana Holdings» «Зомекс Інвестмент», якое пасля перайменавалі ў «Эмірэйтс Блю Скай», а потым у «Лайбрары Лэйн». Менавіта гэтая кампанія выступае ў якасці крэдытора.

Кіраўніка «БлэкСтарБургеру» двойчы спрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за «ўтойванне або адчужэнне маёмасці пад арыштам». Але ў распачацці справы абодва разы было адмоўлена, а маёмасць кампаніі месціцца ў Расеі.

Рэпер Тымаці вядомы паслядоўным падтрыманнем уладаў Расеі. Здымаўся ў агітацыйных роліках за Уладзіміра Пуціна і мэра Масквы Сяргея Сабяніна, прысвячаў расейскаму кіраўніку песню да дня народзінаў. Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2018-га быў даверанай асобай Пуціна. У 2022 годзе Тымаці падтрымаў уварванне Расеі на Украіну, праўда, пасля аб’яўлення ў РФ мабілізацыі выехаў ва Узбекістан. За падтрыманне вайны ўнесены ў санкцыйныя спісы заходніх краінаў.

Падрабязней глядзіце ў «Аб'ектыве»:


Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10