Шуфлядка

Што сталася з беларускімі музыкамі? Хто эміграваў, хто застаўся і хто заваёўвае Расею

Гітара «Stratocaster»
Здымак мае ілюстрацйны характар. Гітара «Stratocaster». Фота: Mark Smilyanic / Pixahive.com, CC0
podpis źródła zdjęcia

Рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне моцна змянілі беларускі музычны ландшафт. «Белсат» паглядзеў, каго беларусы слухалі ў 2019 годзе, каго слухаюць цяпер і што сталася з музыкамі.

Музычныя густы, вядома, ува ўсіх розныя. Але можна паглядзець на статыстыку. Сэрвісу, які б адсочваў папулярнасць музыкі ў Беларусі на мностве пляцовак, нейкага нацыянальнага гіт-параду, няма. Ды можна паглядзець на «Spotify» і «Яндекс Музыку»: першы дае ўяўленне пра міжнародную папулярнасць, другі – пра расейскамоўную і постсавецкую прасторы.


Што з тымі, каго слухалі да 2020 года


У канцы 2019-га папулярны ў Беларусі расейскі сэрвіс «Яндекс Музыка» называў наступных беларускіх выканаўцаў, папулярных сярод карыстальнікаў з Беларусі.


Ціма Беларускіх падтрымаў пратэсты-2020, быў асуджаны на два гады «хатняй хіміі» за наркотыкі, але працягнуў выдаваць музыку. Мяркуючы з сацыяльных сетках, цяпер застаецца жыць у Беларусі, працуе на расейскамоўную аўдыторыю, вярнуўся на беларускі лэйбл, з якім раней сварыўся і судзіўся. Выступаў у Расеі, ды трапіў у расейскі чорны спіс, цяпер гастралюе ў Цэнтральнай Азіі.


Belsat
Макс Корж – наш гонар, наш сорам ці наогул не наш? Як успрымаць ягоную неўміручую папулярнасць навіны

Макс Корж няўцямна выказваўся наконт пратэстаў у Беларусі, але выступіў супраць вайны ва Украіне і ў нейкі момант з’ехаў у эміграцыю. Сілавікі нядаўна заявілі, што ён у неназваны момант пакінуў Беларусь пасля запрашэння «на гутарку», але садзіць яго нібыта не збіраліся, а хацелі толькі «паразмаўляць».


Корж вядзе таямнічы лад жыцця, не дае інтэрв’ю, выступае вельмі рэдка, але ў Еўропе збірае поўныя залы. За апошні год выдаў толькі два трэкі, але абодва маюць нямала праслухоўванняў.


Корж трапіў у расейскі чорны спіс, хоць у «нашых краінах» – Беларусі, Расеі і Украіне – перастаў выступаць пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Збіраўся ўвосень граць у Алматы, ды канцэрт адмянілі з няўцямных прычынаў.


Сяргей Міхалок з 2015 года жыў ва Украіне, аб пратэстах на радзіме выказваўся неадназначна, з пачаткам поўнамаштабнай вайны пераехаў у Эстонію, увосень 2022-га разжаніўся, неўзабаве знайшоў новую жонку – украінку. Летась выступаў у Еўропе, цяпер грае ва Украіне старыя папсовыя песні гурта «Ляпіс Трубяцкі», а слухачы непакояцца за ягонае здароўе. Праекты «Brutto» і «Drezden», падобна, на паўзе.



«ЛСП». Лідар гурта падтрымаў пратэсты ў Беларусі і выказаўся супраць расейскага нападу на Украіну… але працягнуў гастраляваць па Расеі і сышоў у трэш-папсу. Праўда, усё роўна трапіў у расейскі чорны спіс.



«Iowa». Гурт з 2010 года жыве і працуе ў Расеі. Музыкі падтрымалі беларускія пратэсты 2020-га, але не выказваліся пра вайну ва Украіне і засталіся ў Расеі. У 2023-м вакалістка нарадзіла дачку, але не ставіла творчасці на доўгую паўзу: гурт актыўна выступае ў Расеі на буйных фестывалях і выдае новыя песні.



«Лепрыконсы» – зоркі пачатку 2000-х, засталіся ў Беларусі, хоць лідар гурта падтрымаў пратэсты і заступаўся за Каржа і Міхалка. Дасюль граюць: апошні на гэты момант альбом выдалі ў 2023 годзе. Часам выступаюць у Расеі на не самых топавых пляцоўках, хоць у 2022-м лідар гурта выказваўся супраць нападу на Украіну.



«Nizkiz» – аўтары аднаго з гімнаў пратэстаў 2020 года, заставаліся ў Беларусі і часам выязджалі з канцэртамі за мяжу. У пачатку 2024-га па вяртанні з аднаго з замежных канцэртаў трох з чатырох удзельнікаў гурта затрымалі, у красавіку засудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі». З таго часу пра музыкаў не чутно.



Cygo – малады магілёўскі поп-спявак, пераехаў у Маскву, у 2018 годзе праславіўся з адной песняй «Panda E», але, мяркуючы са статыстыкі праслухоўванняў, застаўся «цудам аднаго гіта»: кар’ера ў Расеі не правальная, але і не надта паспяховая. Не выказваўся на тэмы пратэстаў і вайны.



«Бі-2» – гурт родам з Бабруйску, удзельнікі паспелі пажыць у Ізраілі і Аўстраліі перад тым, як стацца суперзоркамі ў Расеі. Музыкі падтрымалі беларускія пратэсты і выказаліся супраць нападу на Украіну. Праз антываенную праблему займелі праблемы з выступамі ў Расеі. У пачатку 2024 года гурт затрымалі ў Тайландзе і ледзь не экстрадавалі ў Расею, ды пасля міжнароднага розгаласу музыкаў удалося эвакуяваць у Ізраіль. Пазней ім нават далі грамадзянства Малдовы.



«Molchat Doma» – менчукі з парадаксальнаю папулярнасцю: ці не самы вядомы беларускі гурт у свеце, але далёка не ў топе на радзіме (як і на «Яндексе»). «Molchat Doma» падтрымалі беларускія пратэсты і выступілі супраць расейскага нападу на Украіну, пераехалі ў Лос-Анджэлес. Цяпер гурт гастралюе па ўсім свеце, нядаўна выдаў альбом, рэцэнзіі на які пішуць «Associated Press» і «Financial Times».


Хто з беларусаў цяпер папулярны

Ягор Бортнік, Егор Бортник (Фота: Белсат)
«Я бачыў тэчку на нас у ФСБ». Лёва Бі-2 – пра тайскую турму і сустрэчу з Ціханоўскай навіны

Праз суму прыкметаў «Molchat Doma» можна па-ранейшаму назваць самым папулярным беларускім гуртом у свеце. У падобным да іх жанры грае «Nürnberg» – бадай самы папулярны беларускамоўны гурт у свеце, які таксама не суперпапулярны на радзіме.


Рэйтынг папулярнасці беларускіх выканаўцаў складае Telegram-канал «Клік», які адсочвае колькасць праслухоўванняў за месяц на сэрвісах «Spotify» і «Яндекс Музыка».


«ЛСП», «Бі-2» і Макс Корж цяпер адпаведна на 1-м, 2-м і 3-м месцах на платформе «Яндекс Музыка». «Iowa» і Ціма Беларускіх засталіся ў топ-10 – на 5-м і 6-м месцах. «Ляпісы» ў ім апусціліся на 13-ае месца, «Лепрыконсы» – на 21-ае, «Nizkiz» – на 51-ае, Cygo – на 58-ае. А ў топ-10 беларусаў у «Яндексе» з’явіліся іншыя імёны.



Б’янка – «новая» адносна топу 2019 года, цяпер на 4-м месцы. Але даўно знаёмая: спявачка родам з Менску працуе на расейскай сцэне з сярэдзіны 2000-х. Не выказвалася аб пратэстах і вайне, але ледзь не зрабілася ў Расеі «замежнай агенткай» праз выступ на нямецкім фэсце, дзе збіралі ахвяраванні Украіне. Яна адказала на гэта здымкам з расейскім сцягам з подпісам: «Мая пазіцыя абсалютна зразумелая, і я яе нясу ўсяму свету».



Lyriq – ён жа Кірыл Гуд, 7-е месца. Саўндпрадзюсар родам з Менску, які даўно жыве ў Маскве, а з нядаўна выдае ўласныя трэкі, часам – дуэтам са спявачкай Zivert. У студзені 2022 года выдаў песню з радком «Нам трэба свет, дзе няма вайны», у дзень пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне цытаваў гэтыя радкі ў сацыяльных сетках. Але пасля на вайну перастаў звяртаць увагу.



Hollyflame – хлопец з Чавусаў, які даўно пераехаў у Маскву. У нядаўнім топе «Яндекса» ён на 8-м месцы, але сам сэрвіс назваў яго артыстам года ў Беларусі па выніках 2023-га.



Nkeeei і Uniqe – два маладыя менскія рэперы, якія займаюць 9-е і 10-е месца як у топе «Яндекса», так і ў топе «Spotify». Разам з імі – Арцём Шылавец, на 11-м мецы ў «Яндексе» і 14-м на «Spotify». У 2021 годзе трыа праславілася гітом «Толпы кричат», паехала гастраляваць па Расеі. Аб пратэстах і вайне, падобна, не выказваліся. Хоць суперзоркамі і гэдлайнерамі топавых фэстаў не сталі, яны ўжо і не «цуд аднаго гіта».


Простыя абстрактныя тэксты, камбінацыя попу і хіп-хопу, праца ў Расеі, маўчанне пра Беларусь і Украіну – такі цяпер рэцэпт поспеху для маладых выканаўцаў? Неабавязкова. Вось жа «Molchat Doma» – самыя… Ці ўжо не самыя?



Yatashigang – беларускі кампазітар, які раптам апынуўся на першым месцы ў топе «Spotify», але пра якога зусім няшмат звестак. Кажуць, гэта ці то 15-, ці то 17-гадовы мазырчук Іван. Непадрыхтаваны слухач можа спытаць: гэта старую аўдыякасету пракруцілі праз мясарубку і зляпілі назад? Але гэта такі новы жанр электроннай музыкі, завецца фонк (phonk), і жанр нечакана перспектыўны для беларусаў.



Smithmane – трэцяе месца ў топе «Spotify», таксама фонк, але крыху менш экстрэмальны. Выглядае, гэта малады беларус Мікіта, які або жыве ў Польшчы, або проста курыць польскія цыгарэты. Romantica – пятае месца ў топе «Spotify» і 16-ае ў «Яндексе», значна мякчэйшая электронная музыка, якую таксама адносяць да фонку, ад маладога менчука Рамана. Следам за ім – маладзечанскі электроншчык Otnicka (Аляксей Станулевіч), фонк-праект Lxst Cxntury (мазырчук Іван Берасневіч) і малады электроншчык Oblxkq – Аляксандр з невялікага паселішча ў Гарадзенскай вобласці.


Усе яны яшчэ не міжнародныя зоркі з міжкантынентальнымі турамі, як «Molchat Doma», але збіраюць мільёны праслухоўванняў. Падобна, яны не цэляцца на Расею і «не лезуць у палітыку», а пішуць музыку проста «ў інтэрнэт», і хоць не маюць арміяў фанатаў, як у Макса Каржа, але чапляюць не менш слухачоў.


Ключавое слова: «Дразды»


Дразды – гэта не толькі раён дарагіх катэджаў у Менску, дзе жывуць складальнікі чорных спісаў. Гэта таксама назва аднаго з нямногіх беларускіх гуртоў, якія дасюль гастралююць па Беларусі.



Гурт «Дразды» мае максімальна прымітыўныя, на мяжы з трэш-папсой, але беларускамоўныя песні. Нягледзячы на выказванні з падтрыманнем дзейных уладаў, гурт усё роўна падазраюць у нелаяльнасці. Ды пакуль іх не забараняюць, а канкурэнцыі практычна няма, гэта ці не найбольш актыўныя беларускія выступоўцы ў Беларусі.

,,

«Цяпер „квіток“ на беларускую сцэну – гэта лаяльнасць, данос, сувязі ці расейскі пашпарт».


Выява ілюстрацыйнага характару. Фестываль «Viva Braslav». (Фота: vkurier.by)
«Viva Braslav», або «ABBA» не прыедзе Меркаваннi

Гэтак год таму канстатавала «Deutsche Welle». З таго часу змянілася няшмат – хіба «Tor Band» цяпер за кратамі як «экстрэмісцкае фармаванне». Нелаяльныя ўладам музыкі – або ў падполлі, або ў эміграцыі, або фізічна на радзіме, але ў андэграўндзе ўдома і з мільёнамі праслухоўванняў за мяжою.


У асноўным на беларускіх афішах – расейскія выканаўцы або тыя ўкраінскія, якія не супраць расейскага нападу на сваю краіну. Нават афіша славутага менскага клубу «Рэактар» выглядае збольшага расейска-правінцыйнаю.



Аляксандр Саладуха, «Сябры», Ганна Лукашэнка (пад псеўданімам Ганна Сялук), сёстры Груздзевы і фабрыкі праўладнай трэш-папсы працуюць, але выглядае, што прайграюць у папулярнасці «расейскаму дэсанту». Нялёгка прыходзіцца і тым, хто, як Дзмітрый Калдун, спрабуе знайсці сабе месца ў Расеі «з беларускай эстрадай».


Людзі слухаюць выступ гурта «Leibonik» на «Hučna Fest». Варшава, Польшча. 29 чэрвеня 2024 года. (Фота: Белсат)
«Аж Вісла спынялася!» У Варшаве прайшоў фестываль «Hučna Fest» навіны

За межамі Беларусі працягваюць граць Лявон Вольскі і «J:Морс», «Naviband» і «Петля пристрастия», «Дай дарогу!» і «Dzieciuki», і шмат хто яшчэ, каго можна было назваць зоркамі на радзіме, ды каго па пераездзе цяжка залічыць у міжнародныя зоркі. Некаторыя, як Leibonik ці Ap$ent, у эміграцыі толькі набіраюць папулярнасць. Некаторыя сталі граць на аўдыторыю краіны эміграцыі, як Pan Savyan у Польшчы ці Cheev ва Украіне. Як выключэнне – полька Niczos, якая кладзе падляскую гаворку на калумбійскія біты.


Выходзіць, перад беларускімі музыкамі шмат шляхоў: андэграўнд ці праўладная эстрада на радзіме, спробы ўпісацца ў расейскі шоу-біз ці здабыць міжнародную папулярнасць са свежымі электроннымі жанрамі, стацца музыкаю для эмігрантаў ці спрабаваць натуралізавацца за мяжою… Няма толькі варыянтаў «вольна пачувацца на беларускай сцэне» і «развіваць незалежны ад дзяржавы беларускі шоу-бізнес».


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10