Следчы камітэт у межах запалохвання грамадзянаў за любыя праявы палітычнай актыўнасці паведаміў пра чарговую крымінальную справу ў дачыненні беларускіх палітэмігрантаў. Як заяўляецца, яна пачатая за «імітацыю дзейнасці» і нежаданне «прызнаваць сябе палітычна мёртвымі фігурамі».
«Устаноўлена, што з мэтай атрымання новых „грантаў“ за мяжой працягваецца актыўная імітацыя дзейнасці экстрэмісцкіх фармаванняў, накіраваная на канцэнтрацыю фінансавых патокаў праз фармаванне афіляваных структураў і размеркавання абавязкаў унутры злачыннай групы пад эгідай пабудовы праекту „Новай Беларусі“», – гаворыцца ў заяве.
Паводле СК, крымінальная справа пачатая за правядзенне канферэнцыі «Новая Беларусь» у жніўні 2024 года, дзе абмяркоўвалася электаральная кампанія 2025 года ў Беларусі і выказвалася падтрыманне еўрапейскаму вектару развіцця.
«Паводле дадзеных следства, не жадаючы прызнаваць сябе палітычна мёртвымі фігурамі, на гэты раз прадстаўнікі радыкальнай супольнасці анансавалі новую ініцыятыву – „Платформа 2025“. Злачынная задума мае на ўвазе кансалідацыю экстрэмістаў для каардынацыі дзеянняў у перыяд электаральнай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь», – заявілі ў ведамстве.
Там адзначылі, што даведаліся імёны яшчэ 22 асобаў, якія далучыліся да дзейнасці абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай і яе прыхільнікаў. Яны прызнаныя падазраванымі паводле ч.1 арт.357 Крымінальнага кодэксу («Змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады»).
Таксама ў СК завялі крымінальныя справы за вулічныя сходы 9 жніўня ў Дзень годнасці ў гарадах Чэхіі, Украіны, Фінляндыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Грузіі, ЗША і яшчэ некаторых краінаў. За выкарыстанне нацыянальнай сімволікі і асуджэнне незаконных уладаў Беларусі ў дачыненні 23 асобаў пачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 361-1 КК («Уваходжанне асобы ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці»).
СК адрапартаваў пра агляды, ператрусы, накладанне арышту на маёмасць і іншыя працэсуальныя дзеянні.
З пачатку верасня ўсе службы фонду «BYSOL» адзначаюць значнае ўзмацненне рэпрэсіяў. Са словаў Андрэя Стрыжака, рэпрэсіі ўзмацніліся як паводле формы, гэтак і сутнасці. Таксама «значна павялічылася колькасць заявак на эвакуацыю і кансультацыю, што рабіць у выпадку пераследу. Па розных накірунках нашай дапамогі рост колькасці заявак ад 50 да 80 %».
Падрабязней глядзіце ў «Аб'ектыве»:
Якуб Хруст belsat.eu