навіны

Святлана Мацкевіч пра размеркаванне выпускнікоў ВНУ: «Гэта свайго роду дзяржаўны рэкет»

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уручэнне дыпломаў у БДМУ. Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2021. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уручэнне дыпломаў у БДМУ. Менск, Беларусь. 29 чэрвеня 2021. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Трэці месяц выпускнікі беларускіх установаў адукацыі спрабуюць сябе ў якасці маладых спецыялістаў. Сёлета пад размеркаванне трапіла больш за 55 тысяч маладзёнаў. Не ўсе з іх даехалі на прызначаныя працоўныя месцы, з чым актыўна пачала змагацца пракуратура. Што цяпер адбываецца з беларускай сістэмай адукацыі, у нашым матэрыяле.

Спроба выбіць сродкі з людзей

Гэтак, толькі ў Гомельскай вобласці сёлета ведамства папоўніла дзяржаўную казну на 69 тысяч беларускіх рублёў, спагнаўшы іх з пяці выпускнікоў. У Магілёўскай вобласці – больш за мільён беларускіх рублёў. Часцей за ўсё маладзёны не прыязджалі на месца адпрацоўвання ці іх звальнялі за прагулы. Як правіла, добраахвотна вяртаць грошы дзяржаве беларусы не хацелі, таму справу разглядаў суд.

,,

«Гэта свайго роду дзяржаўны рэкет. Гэта такая спроба выбіць сродкі з людзей за працэсы, што даўно аплачаныя… Навучанне ідзе за кошт нас, грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, якія плацяць падаткі», – кажа незалежная экспертка ў адукацыі Святлана Мацкевіч.


Паводле генеральнай сакратаркі «Rada», дэлегаткі каардынацыйнай рады «Моладзевага наступу» Лізы Пракопчык, выпускнікоў прымушае не з’яўляцца на месца размеркавання той факт, што яны адтуль проста не змогуць з’ехаць. 

«Калі яны проста не прыйдуць, так, яны будуць вінныя грошы, але пры гэтым будуць ведаць пра свае перспектывы: у іх ёсць найбліжэйшыя два гады атрымаць нейкі кар’ерны рост, у іх ёсць перспектыва змяніць месца працы ці ўвогуле змяніць сферу працы», – адзначае Пракопчык.

Гэтым кіравалася і колішняя студэнтка сталічнага журфаку Ларыса Дарашэнка. Дзяўчына ўзгадвае, як у 2009 пасля сканчэння навучання паступіла ў магістратуру ў Швецыі і, натуральна, хацела паехаць туды, а не заставацца ў Беларусі на адпрацоўку, тым больш, што па законе гэтага не было забаронена:

«У пастанове аб размеркаванні было, што калі чалавек ідзе на больш высокую ступень адукацыі, у магістратуру, то ў гэтым выпадку размяркоўвае магістратура. І там не было сказана, мясцовая гэта магістратура ці яшчэ якая», – згадвае выпускніца журфаку БДУ 2009 года.

Як з гэтым змагаецца рэжым?

Цяпер у Беларусі прапагандысты запусцілі новы трэнд – відэа, на якіх маладыя спецыялісты ўхваляюць свае першыя працоўныя месцы.

,,

«Я, Дзмітрый Балкан, працую ў ЖКГ паводле размеркавання электрагазазваршчыкам… Я дзякую адміністрацыі за добрае стаўленне да маладых спецыялістаў», – распавядаў у TikTok малады спецыяліст.


Але пакуль такія заклікі не працуюць. Толькі сёлета па ўсёй краіне, паводле Міністэрства адукацыі, пазбеглі размеркавання сто выпускнікоў. Аднак гэты лік можа быць значна большы. Гэтак, на пачатку верасня ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» распавялі, што каля двухсот былых студэнтаў-бюджэтнікаў затрымалі за спробу фіктыўнага размеркавання. Маўляў, маладзёны ўладкоўваліся ў падстаўныя арганізацыі на адну дзясятую стаўкі, а за паслугі плацілі каля двухсот рублёў штомесяц. 

Праўда, у 2024-м пазбегчы размеркавання стане нашмат цяжэй, што вынікае з паправак у Закон аб адукацыі, падрыхтаваны ўрадам. Гэтак, пераразмеркаванне стане магчымым толькі са згоды абласнога і гарадскога выканкама, ва ўніверсітэтаў з’явіцца магчымасць накіроўваць сямейныя пары ў розныя месцы адпрацоўвання. А вось каб атрымаць свабодны дыплом, урад прапаноўвае выпускнікам пайсці на службу ў сілавыя ведамствы. Раней чыноўнікі абмяркоўвалі і размеркаванне для платнікаў, праўда, пакуль захаду не сталі ўводзіць. Што, на думку Святланы Макевіч, ужо будзе відавочным парушэннем права чалавека не толькі на атрыманне адукацыі, але і, у тым ліку, права на працу і на выбар.

Для таго ж, каб прымусовая праца стала больш прывабнай для выпускнікоў, урад прапануе пернікі ў выглядзе бонусаў і даплатаў. Сярод іх – танныя месцы ў інтэрнатах, ільготныя крэдыты ды зніжаныя падаткі.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце

Наста Печанькова, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10