У праекце абнаўлення Падатковага кодэксу пазначылі падвышэнне падатку на сабак, але таксама – частковае вызваленне ад гэтага падатку пенсіянераў, інвалідаў і жыхароў прыватных дамоў.
У Палату прадстаўнікоў 3 кастрычніка ўнеслі праект зменаў у Падатковы кодэкс. Згодна яму, падвысіць збіраюцца шэраг падаткаў, у тым ліку – на машыны для фізічных асобаў, на цыгарэты і алкаголь, на багацце, на аграсядзібы і рамесніцтва, на арэнду кватэраў і гаражоў, на валоданне кватэрамі…
Сярод зменаў, як заўважыла «Zerkalo», ёсць праўка ў падатак, аб існаванні якога беларусы маглі і не ведаць, але за нясплату якога пагражае штраф да 600 рублёў. Гаворка пра падатак на сабак.
Цяпер, згодна главе 29 Падатковага кодэксу, усе фізічныя асобы, якія валодаюць сабакамі ва ўзросце ад трох месяцаў, маюць раз на тры месяцы плаціць 11,9 рубля за звычайнага сабаку і 59,6 рубля за сабаку са спісу «асабліва небяспечных пародаў». Унёскі трэба рабіць арганізацыям эксплуатацыі жыллёвага фонду ці жыллёва-камунальных паслугаў адначасова з аплатай камунальных паслугаў. Пры тым каб плаціць падатак, трэба спачатку зарэгістраваць сабаку ў службе «адно акно» ў раённых ці гарадскіх выканаўчых камітэтах.
У праекце зменаў кодэксу прапануюць падняць падатак на да 13 рублёў за звычайнага сабаку і да 63 рублёў за «асабліва небяспечнага».
Ад падатку прапануюць цалкам вызваліць:
- інвалідаў з сабакам-павадыром;
- інвалідаў І і ІІ групы.
Ад падатку толькі на першага сабаку прапануюць вызваліць:
- інвалідаў ІІІ групы;
- людзей агульнавызначанага пенсійнага ўзросту;
- людзей з правам на датэрміновую пенсію паводле ўзросту;
- бацькоў ці прыёмных бацокоў дзяцей-інвалідаў узростам да 18 гадоў;
- бацькоў ці прыёмных бацокоў з трыма і больш дзецьмі да 18 гадоў;
- жыхароў аднакватэрных ці блакаваных (то бок з асобным уваходам) жылых дамах.
За нясплату гэтага падатку пагражаюць штрафам ад 1 да 15 базавых велічыняў. Цяпер 1 базавая – 40 рублёў, а 15 базавых – 600 рублёў. Але з 1 студзеня базавую велічыню маюць падняць.
Алесь Наваборскі belsat.eu