навіны

Футбол: Паўночную Ірландыю прасілі не гуляць з Беларуссю, а Таджыкістан адмовіўся гуляць з Расеяй

Зборная Беларусі на таварыскім матчы з Ізраілем (фінальны лік – 0:4)
Зборная Беларусі на таварыскім матчы з Ізраілем (фінальны лік – 0:4). Будапешт, Вугоршчына. 11 чэрвеня 2024 года. Фота: Abff.by
podpis źródła zdjęcia

У выпадку з Расеяй Таджыкістан і Пакістан спасылаюцца на няўдалыя супадзенні, а супраць гульні з Беларуссю выступае ўрад Злучанага Каралеўства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жаночая зборная Літвы. (Фота: lff.lt)

Літоўскія футбалісткі элегантна пазбеглі сустрэч з беларускімі

навіны

Урад Злучанага Каралеўства звяртаўся да футбольнай асацыяцыі Паўночнай Ірландыі з просьбай не гуляць супраць Беларусі ў Лізе Нацыяў, байкатаваць суагрэсара ў расейскім нападзе на Украіну. Ды ірландцы адмовілі, піша «Belfast Telegraph».


Паўночная Ірландыя ўваходзіць у Злучанае Каралеўства, але мае ўласную нацыянальную зборную – таксама як Англія, Уэльс і Шатландыя. Ды футбольная асацыяцыя там не падпарадкоўваецца ўраду ва Ўэстмінстэры.


«Не ўплывае, сапраўды, – сказаў галоўны трэнер паўночнаірландскай зборнай Майкл О’Ніл пра падрыхтоўку да гульні з Беларуссю. – Гэта ўсё рэчы вонкавыя адносна каманды, шмат гульцоў не ведаюць пра гэта, калі шчыра. Я ведаю, якая палітыка FIFA і UEFA адносна дзяржаўнага ўмяшання ў футбол, і гульня павінна праходзіць на нейтральнай пляцоўцы без заўзятараў, як павінны рабіць іншыя каманды, калі яны гуляюць з Беларуссю. Гэта не ідэальна для іх як краіны, якая прымае. Мы павінны з гэтым справіцца».


Гульня мае прайсці 12 кастрычніка на нейтральным полі ў Вугоршчыне. Яна адбываецца ў межах Лігі нацыяў С – трэцяга з чатырох дывізіёнаў спаборніцтва еўрапейскіх зборных. Беларусь сёлета ў адной групе з Балгарыяй, Паўночнай Ірландыяй і Люксембургам. Пакуль Беларусь правяла дзве гульні: 0:0 з Балгарыяй («удома» ў Вугоршчыне) і 0:1 на карысць Беларусі супраць Люксембургу (на выездзе ў Люксембургу).


Паўночная Ірландыя можа быць небяспечным праціўнікам: у рэйтынгу зборных FIFA яна цяпер на 73-м месцы, тады як Беларусь на 97-м – побач з Палестынай.


Ад гульняў з Расеяй нядаўна адмовіліся дзве зборныя. Спачатку Пакістан адмовіўся ад таварыскай гульні, спаслаўшыся на тое, што шмат гульцоў будзе за мяжой. Затым Таджыкістан адмовіўся ад таварыскай гульні, спаслаўшыся на дамовы з іншымі камандамі.


Беларуская зборная ў 2024 годзе правяла чатыры таварыскія матчы: супраць Чарнагорыі (прайграла 0:2), Мальты (0:0), Расеі (прайграла 0:4) і Ізраілю (прайграла 0:4).


Расея правяла на адзін таварыскі матч менш: акрамя Беларусі гуляла з Сербіяй і В’етнамам. З Лігі нацыяў, як і з іншых міжнародных спаборніцтваў, Расею выключылі праз напад на Украіну.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10