Журы прэміі Анемпадыстава абвясціла доўгі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі ў 2023 годзе. У доўгім спісе – 19 намінантаў.
У ліку намінантаў як вядомыя мастакі і дызайнеры, так і ананімныя. А ў ліку кніг – паэзія і проза, творы беларускіх аўтараў і пераклады, нават навуковая праца: запісы аўтэнтычных аповедаў беларусаў пра сны і іх тлумачэнні.
Журы ацаніла 37 заявак паводле 10-бальнай шкалы і выбрала ў доўгі спіс 19 найлепшых вокладак. Неўзабаве абяцаюць вызначыць кароткі спіс фіналістаў, а таксама час і месца цырымоніі, на якой назавуць пераможцу.
Прэмія была заснаваная ў 2019 годзе на памяць пра мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста і культуролага Міхала Анемпадыстава. У мінулыя гады ў ёй перамагалі:
- 2019 (за 2018 год) – Рыгор Кацнэльсон за дызайн вокладкі кнігі «Віленскі покер»;
- 2020 (за 2019 год) – Кацярына Пікірэня за дызайн вокладкі кнігі «Трое ў чоўне і пёс з імі»;
- 2021 (за 2020 год) – Алена Дашкевіч за дызайн вокладкі кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў»;
- 2022 (за 2021 год) – Анатоль Лазар за дызайн вокладкі кнігі «(Не)расстраляныя»;
- 2023 (за 2022 год) – Яна Галушкіна і лічбавы архіў VEHA за дызайн вокладкі кнігі «Людзі лесу / Ludzi lesu».
Сёлета чальцамі арганізацыйнага камітэту прэміі за найлепшую вокладку да беларускай кнігі сталіся Беларускі ПЭН і фонд «Адкрытая культура». Партнёры прэміі – ТАА «H&L» і кампанія «Laut».
Доўгі спіс намінантаў за 2023 год такі:
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі «Анталогія паэтак: выбранае Вальжынай Морт»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Аліны Высоцкай «Беларускі народны соннік»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Антанаса Шкемы «Белы саван»;
- Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Зінаіды Бандарынай «Да новага заўтра»;
- Анатоль Лазар – вокладка кнігі Алеся Разанава «З маланкаю ў сэрцы»;
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Мэіра Шалева «За сіняй гарой»;
- Адам Паўлоўскі – вокладка кнігі Андрэя Сцепанюка «Зямля над белай ракой»;
- Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Кар’ера Мікадзіма Дызмы»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Вала Клемэнта «Круглая Square»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Сяргея Жадана «Месапатамія»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Ператрус у музеі»;
- Святлана Дземідовіч, Лукаш Левандоўскі – вокладка кнігі Насты Кудасавай, Святланы Дземідовіч «Побач»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладкі кніг Віславы Шымборскай, Адама Міцкевіча, Марыі Кунцэвічовай для серыі «Польская класіка для беларускага чытача»;
- Марыя Сыракваш – вокладка кнігі Марыі Маціёс «Салодкая Даруся»;
- Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Яўгеніі Пфляўмбаўм «Сонца»;
- Ананімны аўтар ці аўтарка – вокладка кнігі Ганны Янкуты «Час пустазелля»;
- Сяргей Шаматульскі – вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»;
- Уладзімір Міхневіч – вокладка кнігі Алеся Плоткі «Bloodlands 20/22 Belarus/Ukraine»;
- Артур Камароўскі, Ксенія Шталянкова – вокладка кнігі Артура Камароўскага «Corpus Vile».
Алесь Наваборскі belsat.eu