Палітычная эмігрантка з Беларусі Карына расказала «Салідарнасці», што на яе і ейнага сябра напалі з прычыны нянавісці да ўкраінцаў, а паліцыя паводзілася неналежным чынам.
Як расказала Карына выданню «Салідарнасць», 27 ліпеня каля 22:00 яна з сябрам-украінцам Багданам ішла па Лодзі (сталіца ваяводства ў цэнтральнай Польшчы, аналаг абласнога цэнтру) у бок дому па амаль пустой вуліцы, размаўляла з ім на трасянцы.
Багдан звярнуў увагу, што жанчына з падлеткам, якія ішлі ім насустрач, сказала на іхны адрас: «Украінцы, *** [валіце] у сваю Украіну». Карына не адразу заўважыла, што Багдан спыніўся, прайшла далей. Вярнулася, пабачыла, што Багдан размаўляе з жанчынай і падлеткам. Спытала па-польску: «Co się stało?» («Што здарылася?») У адказ атрымала ад жанчыны поўху. Пачалася бойка, якую Карына кепска памятае, але памятае, што баранілася.
«У гэты час сын жанчыны пачаў набліжацца да Багдана, дэманструючы агрэсію, – расказвае Карына. – Я была сам-насам з гэтай полькай. Яна на мяне скакала-скакала, махала рукамі, кофту садрала, потым я паспела яе падняць, яна зноў пабегла за мной, я зноў абаранялася.
У нейкі момант яна мяне паваліла, я ўпала і паклікала на дапамогу Багдана. Ён падбег, я паспела падняцца. Багдан стаў між намі, спрабаваў яе стрымліваць... Яна падбегла і другі раз дала мне аплявуху – ужо па левым баку, удар прыйшоўся на вуха. Мяне аглушыла. Праз пару хвілінаў я зразумела, што не чую на левае вуха.
Пасля гэтага нападнікі развярнуліся і пачалі сыходзіць. Мы таксама пайшлі. Здавалася б, усё скончылася, але, калі мы павярнуліся, убачылі, што гэтая жанчына зноў бяжыць на мяне. Я пабегла, схавалася за першым паваротам. Пачала тэлефанаваць свайму хлопцу.
Вызірнула з-за рага і ўбачыла, што Багдан ляжыць на зямлі. Каля яго стаялі чатыры асобы. Як пазней ён расказаў, двое проста стаялі глядзелі, а двое, сын той жанчыны і яшчэ адзін невядомы, білі яго. Ён абараняўся. Нехта з мінакоў закрычаў, што выкліча паліцыю. І нападнікі ўцяклі».
Паводле Карыны, пазней ейны хлопец (былы баец палка Каліноўскага з пазыўным Фазан) і Багдан вярнуліся на месца нападу і пабачылі, што тая жанчына яшчэ кагосьці біла. Пазней прыехалі паліцыянты, апыталі сведак, але нападніцы ўжо не было.
На наступны дзень Карына і Багдан прыйшлі ў паліцыю падаваць заяву, але іх толькі апыталі і не далі ніякіх дакументаў на подпіс, сцвярджае яна. Для Багдана паліцыянты не выклікалі перакладчыка, хоць ён кепска размаўляе па-польску. Прапанавалі толькі сфатаграфаваць траўмы, бо гэтага нібы дастаткова. Багдан пайшоў фіксаваць цялесныя пашкоджанні толькі праз паўтара тыдня, калі слядоў не засталося.
На чацвёрты дзень па нападзе Карына звярнулася ў клініку, бо парушэнне слыху не праходзіла. Ёй паставілі дыягназ «посттраўматычная перфарацыя левай бубеннай балонкі» і шпіталізавалі, зрабілі аперацыю для аднаўлення бубеннай балонкі.
Толькі ў дзень аперацыі да Карыны, як яна сцвярджае, прыехаў паліцыянт і склаў пратакол пад подпіс. Аперацыя дапамагла часткова: праз два месяцы вуха закладвае падчас прастуды. Яна мае ўражанне, што пратакол не склалі б, калі б не аперацыя.
Нападніцу і ейнага спадарожніка – як выявілася, сына – апазналі на фота. Але Карына кажа, што дагэтуль не ведае, як кваліфікавалі іхныя дзеянні і як ідзе справа. Як яна сцвярджае, у паліцыі ёй сказалі, каб «не разлічвалі», што нападніцу пасадзяць, бо «максімум нейкія абмежаванні». Карына ж упэўненая, што гэта было не проста хуліганства, а злачынства на глебе нянавісці да ўкраінцаў – мяркуючы з рэплікі нападніцы. Таксама Карына адзначае, што нападніца паводзілася неадэкватна і «быццам праз шкло глядзела».
Карына і ейны хлопец спрабавалі знайсці адваката праз беларускія арганізацыі і фонды, але такога адваката, які мог бы рэпрэзентаваць іх у судзе, не знайшлося. Адзіны адвакат, якога яны самі знайшлі, выставіў цану 5000 злотых плюс 500 за кожнае паседжанне (каля 1370 долараў адразу і каля 137 долараў за паседжанне). Такіх грошай яны не маюць. Па псіхалагічную дапамогу не звярталіся, але Карына цяпер баіцца выходзіць з дому адна.
Алесь Наваборскі belsat.eu