«Белсат» аналізуе вынікі чарговага тыдня поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра становішча на фронце станам на 7 кастрычніка чытайце ў нашым матэрыяле.
Запавольванне баёў на поўначы
На тэрыторыі Курскай вобласці РФ цягам апошняга тыдня працягваліся баявыя дзеянні адразу на некалькіх участках фронту, аднак істотных зменаў пры гэтым зафіксавана не было.
Так, на поўдні Глушкоўскага раёну баі па-ранейшаму лакалізуюцца ў ваколіцах населеных пунктаў Вясёлае і Мядзьвежае, адкуль Збройныя сілы Украіны імкнуцца прасунуцца ўглыб расейскай тэрыторыі і дасягнуць ракі Сейм. Невялікія поспехі ўкраінцаў адзначаюцца каля першага населенага пункту, але агулам выглядае на тое, што расейцам удалося стабілізаваць лінію сутыкнення.
Стабільным застаецца фронт і ў суседнім Коранеўскім раёне, дзе бакі засяродзіліся на ўтрыманні цяперашніх пазіцыяў і толькі зрэдку праводзяць лакальныя атакі.
Больш актыўныя баі ідуць на ўсходзе Суджанскага раёну, дзе цягам апошніх тыдняў войскі РФ крыху прасунуліся з поўдня ад лініі населеных пунктаў Плехава - Боркі. У сваю чаргу ЗСУ намагаліся прарваць абарону праціўніка каля Камышоўкі і Плехава.
Агулам, выглядае на тое, што абодва бакі на дадзены момант не маюць дастатковых сілаў, каб істотна змяніць сітуацыю на фронце ў Курскай вобласці, таму пакуль гэты кірунак паступова пераходзіць у разрад другасных.
Падобным чынам выглядае лінія сутыкнення і на поўначы Харкаўскай вобласці, дзе расейцам так і не ўдалося стварыць сапраўдную «буферную зону», а ЗСУ ў сваю чаргу не маюць рэсурсаў, каб выбіць праціўніка са сваёй тэрыторыі.
Перспектыўныя поспехі расейцаў на паўночным усходзе
На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці Узброеныя сілы РФ працягваюць паступова рухацца ў бок ракі Аскіл, імкнучыся ў выніку разрэзаць плацдарм украінцаў на левым беразе на некалькі частак і вымусіць праціўніка адысці.
На мінулым тыдні войскі РФ яшчэ больш наблізіліся да сваёй мэты, захапіўшы сяло Вішнёвае ў Ізюмскім раёне. Такім чынам расейцы стварылі яшчэ адзін выступ па фронце на гэтым кірунку. Пры гэтым паралельна, вышэй па фронце, працягваецца рух ад сяла Пішчанае ў бок Круглякоўкі, цераз якую праходзіць галоўны лагістычны маршрут украінцаў на левабярэжжы.
Далей на поўдзень па фронце варта звярнуць увагу на так званы Сівэрскі выступ, на якім расейцы таксама дасягнулі некаторых поспехаў.
Так, у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што пад іхны кантроль перайшоў населены пункт Верхнякаменскае ў Данецкай вобласці.
Між тым іншыя прарасейскія крыніцы, пакуль не спяшаюцца пацвярджаць гэтую інфармацыю і ўказваюць на магчымасць захавання ўкраінскіх сілаў у сяле і ягоных ваколіцах.
Пры гэтым, калі звесткі расейскага камандавання спраўдзяцца, у складаным становішчы апынуцца вайскоўцы ЗСУ, якія трымаюць абарону ў суседнім пасёлку Белагораўка (Луганская вобласць): фактычна, у такім выпадку населены пункт будзе з трох бакоў аточаны праціўнікам. Да таго ж, ёсць паведамленні, што за мінулы тыдзень расейцам удалося замацавацца на поўначы ад самой Белагораўкі і стварыць плацдарм на правым беразе ракі Сівэрскі Данец.

Развіццё крызісу ЗСУ на Данбасе
У цэнтральнай частцы Данецкай вобласці працягвае пагаршацца становішча ЗСУ на пакроўскім і курахаўскім кірунках. На першым цягам апошняга тыдня расейцы прасунуліся на захад ад Навагродаўкі, а таксама занялі населены пункт Цукурына, у выніку чаго фактычна ўдалося з трох бакоў атачыць горад Сэлыдава.
Вайскоўцы ЗСУ мяркуюць, што пры гэтым расейцы не плануюць цалкам атачаць горад, але будуць паступова звужаць выхад з яго і з дапамогай гэтага выбіваць значныя сілы праціўніка. Такім чынам, у чарговы раз войскі РФ абыходзяць умацаваныя пазіцыі ўкраінцаў з флангаў, карыстаючыся слабымі месцамі ЗСУ на стыках розных падраздзяленняў.
На курахаўскім кірунку расейцы адзначыліся сур’ёзным рыўком на захад ад населенага пункту Вострае, у выніку чаго ім удалося дайсці да суседняга пасёлку Астраўское (Острівське), які знаходзіцца на беразе ракі Воўча. Адсюль, імаверна, далей УС РФ будуць намагацца закрыць выступ паміж пакроўскім і курахаўскім кірункамі. Акрамя гэтага, поспех каля Астраўскога дазваляе расейцам пачаць абыход гораду Курахава з поўначы.
Сярод прычынаў правалаў Збройных сілаў на гэтым участку фронту ў першую чаргу варта вылучыць сур'ёзны недахоп у колькасці асабовага складу, якому на многіх участках фронту ўдаецца стрымліваць праціўніка выключна за кошт удалага ўжывання БпЛА.
На поўдні Данецкай вобласці галоўнай падзеяй тыдня стаў захоп Узброенымі сіламі РФ гораду Вуглядар. Баі за населены пункт ішлі з канца лета 2022 года, у выніку чаго ён быў цалкам зруйнаваны. Украінскі бок сцвярджае, што байцы сілаў абароны паспелі загадзя адысці і пазбеглі атачэння. Імаверна, цяпер адсюль расейцы працягнуць рух на поўнач у бок Курахава.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu