навіны

Рэферэндум у пытанні атамнай станцыі ў Казахстане: большасць сказала «так»

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў галасуе на рэферэндуме
Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў галасуе на рэферэндуме. 6 кастрычніка 2024 года. Фота: akorda.kz
podpis źródła zdjęcia

Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану прэзентавала папярэднія вынікі рэферэндуму ў пытанні будаўніцтва ў краіне атамнай электрастанцыі, які адбыўся ў нядзелю, 6 кастрычніка.

Згодна з інфармацыяй ЦВК краіны, за будаўніцтва АЭС у Казахстане прагаласавалі 5 561 937 грамадзянаў рэспублікі, што складае 71,12 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў рэферэндуму. Супраць будаўніцтва выказаўся 2 045 271 чалавек.

Правам галасавання маглі скарыстацца 12 284 487 грамадзянаў, з якіх у рэферэндуме ўзялі ўдзел 7 820 204 асобы.

Яўка на выбары перавысіла 50 % – гэта значыць, што рэферэндум адбыўся.

Папярэднія вынікі галасавання на рэферэндуме 6 кастрычніка 2024 года ў Казахстане. Крыніца: kazpravda.kz
Папярэднія вынікі галасавання на рэферэндуме 6 кастрычніка 2024 года ў Казахстане. Крыніца: kazpravda.kz

Нагадаем, што ў нядзелю, 6 кастрычніка, у Казахстане прайшоў рэферэндум, падчас якога ў грамадзянаў пыталіся, ці трэба краіне атамная энергетыка.

Прапанову зладзіць галасаванне ў гэтым пытанні летась зрабіў прэзідэнт рэспублікі Касым-Жамарт Такаеў, прывёўшы аргумент, што «гэта надзвычай важнае пытанне, якое датычыць будучыні нашай краіны».

У той жа час на пытанне, якая краіна мае пабудаваць атамную станцыю ў Казахстане, Такаеў адказаў, што папярэднім аналізам мусіць заняцца ўрад. Але паводле ягонага бачання, «у Казахстане мусіць працаваць міжнародны кансорцыум, які будзе складацца з сусветных кампаніяў, што маюць самыя перадавыя тэхналогіі». Тым самым прэзідэнт Казахстану выказаўся не на карысць таго, каб станцыю будавала Расея, як гэта было ў Беларусі.

Раман Шавель belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10