Уначы 7 кастрычніка ў выніку атакі дронаў адбыўся пажар на марскім нафтавым тэрмінале ў Феадосіі – адным з найбуйнейшых у Крыме паводле аб’ёмаў перавалкі нафтапрадуктаў.
Выбухі ў Феадосіі прагучалі прыблізна а 4:30 мясцовага часу. Відавочцы пачалі публікаваць у сацыяльных сетках відэа пажару, які быў бачны нават з Кіраўскага, што за 25 кіламетраў ад месца здарэння.
Выбух пацвердзіў кіраўнік адміністрацыі Феадосіі Ігар Ткачэнка. Украінскія медыі спасылаюцца на ягоныя словы, што цяпер на месцы працуюць разлікі МНС, а ахвяраў і пацярпелых няма.
Абноўлена. Пазней адміністрацыя гораду ўвяла ў Феадосіі рэжым тэхнагеннай надзвычайнай сітуацыі муніцыпальнага характару.
Феадасійскі марскі нафтавы тэрмінал лічыцца адным з найбольш буйных на паўвостраве. Другі месціцца ў Севастопалі.
Тэрмінал у Феадосіі ўжо зазнаваў атакі БПЛА. У сакавіку 2024-га на яго ўпалі адразу чатыры дроны, у выніку чаго быў пашкоджаны магістральны трубаправод для перапампоўвання паліва. Падчас ліквідацыі пажару з прадпрыемства давялося эвакуяваць працаўнікоў.
Раман Шавель belsat.eu