Меркаваннi

А вы павіншавалі сваіх настаўнікаў?

настаўніца
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Настаўніца пачатковых класаў рыхтуецца да першага адзінага ўрока ў сталічнай сярэдняй школе №155. Менск, Беларусь. 23 жніўня 2024 года. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Напярэдадні ў нашай краіне, як і ў шматлікіх іншых краінах свету, адзначалі Дзень настаўніка.

У кожнага з нас ёсць свае ўлюбёныя настаўнікі, свае нелюбімыя. Кожны мае ўласныя школьныя ўспаміны. Я як чалавек, які пачынаў працу школьным настаўнікам, усцяж атрымліваю віншаванні ад тых, каго вучыў і з кім працаваў. Гэта, скажу я вам, асабліва прыемна! Ды і працавалася мне ў школе досыць прыемна таксама, хаця ў вясковую школу на Будакашалёўшчыне даводзілася часам прабірацца праз сумёты. Тады я асабліва ўзгадваў нядобрым словам абавязковае размеркаванне ды лаяў уладу. Сёння нагодаў лаяць яшчэ больш.

Мала проста любіць сваю працу, ты мусіш выконваць патрабаванні. Яны ідуць, як лавіна, зверху ўніз

,,

Настаўнік, на жаль, толькі вінцік у гэтай машыне дзяржаўнай ідэалогіі, якая катком пераязджае ўсё. 


Ужо не так істотна, чаму і як вы вучыце, галоўнае – каб правільна. Каб з поля зроку дзіцёнка не знікалі чырвона-зялёны сцяг і дзяржаўны герб, каб пільным вокам сачыў за ўсім з партрэта ўзурпатар Рыгоравіч. Больш вучняў запісаць у піянерыю і БРСМ. Менш беларускага, перапісаная нацыянальная гісторыя. Лішняга не казаць, хадзіць па струнцы, калегам не давяраць. Такая яна – лукашэнкаўская «святыня ведаў».

,,

Тым, хто мае ўласную думку ды жадае выхоўваць сумленных і свабодных беларусаў, асабліва складана. 


Дзесь мусіш прамаўчаць, а дзесь цябе не абміне пакаранне. Ізноў лёгка стукачам, даносчыкам, падбрэхічам. Пакуль – іхны час.

Не дзіва, што за тры гады пасля 2020-га колькасць настаўнікаў скарацілася на 8,1 тысячы. Глядзіце, калі 2020/2021 навучальны год у агульнай сярэдняй адукацыі пачалі ў Беларусі 111,4 тысячы настаўнікаў, то ўжо мінулы навучальны год (2023/2024) настаўнікаў было 103,3 тысячы. Пакуль няма сёлетніх звестак. Аднак кадравае скарачэнне блізу 10 % выклікае непакой.

Чаму так адбываецца? Чаму на педагагічныя спецыяльнасці ўжо неяк традыцыйна невялікі конкурс? А часам, калі не паступіў нікуды, можна пайсці ў настаўнікі? Ну, так падаецца. Пытанне, ці здольны такі чалавек быць асобай і выхаваць асобу.

Нібыта ёсць, згодна з афіцыйнай статыстыкай, каля 2000 рублёў заробку для настаўніка ў Беларусі. Вядома, у параўнанні з шэрагам іншых бюджэтных сфераў нібы і няблага, аднак, калі паглядзець на патрэбы сённяшняга свету, то гэтага далёка не дастаткова.

Дадаюцца ж яшчэ і патрабаванні. Апроч урокаў, на якіх лішняга не скажы, ідэалагічнае выхаванне, розныя мерапрыемствы для птушачкі і справаздачаў. Дакументацыя. Нават збор сродкаў для расейскіх акупантаў ва Украіне. Прыходзяць і карнікі дзеля выхавання, у іхным разуменні, патрыятызму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У сталічнай школе № 93 для пяціклашак адкрылі вайскова-патрыятычны клас. Менск, Беларусь. 8 студзеня 2022 года. Фота: minsknews.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У сталічнай школе № 93 для пяціклашак адкрылі вайскова-патрыятычны клас. Менск, Беларусь. 8 студзеня 2022 года. Фота: minsknews.by

Часам абсурд. Сёлета з’явілася інфармацыя пра чарговае ноў-хаў: гэтак званы журнал перасоўвання, у якім настаўнік абавязаны занатаваць, чым займаецца ў часе фортак паміж урокамі, куды выходзіць са школы і гэтак далей. Праўда, Мінадукацыі цвердзіць, што такога загаду не спускала, нібыта гэта ініцыятыва дырэкцыі асобных школаў.

Што тут скажаш, некаторыя дырэктары ды завучы вельмі любяць быць першымі, «каб чаго не выйшла». На маёй памяці таксама такія здараліся. Далёка пайшлі…

Мабыць, гэта камусьці зараз вельмі не спадабаецца, аднак настаўнікі маюць не вышэйшую, першую, другую катэгорыю, якую ім надае адміністрацыя за заслугі. 

,,

Для мяне гэта дзве катэгорыі: тыя, хто адданасцю і любоўю да прафесіі адпавядаюць гэтаму высокаму званню; і тыя, хто складае банду няздольных ні на што іншае, як толькі прыкрывацца дыпломамі ды паперчынамі, верныя служкі сістэмы, якія добра ўладкаваліся. 


І ведаеце, тут парадокс: дзеці (а яны галоўныя суддзі), як на рэнтгене, бачаць і тых, і другіх, ведаюць іх сапраўдную вартасць.

Галоўнае, каб дзеці абралі шлях святла, разам з тымі, хто па ім вядзе, нягледзячы на ўсе перашкоды. А шлях гэты складаны. Зрэшты, як і заўжды ў гісторыі. Перад такімі настаўнікамі схіляю галаву. Ды віншую са святам!

Сяргей Падсасонны belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10