Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі (АПКБ) правялі сустрэчу са спікеркаю польскага Сенату Малгажатаю Кідавай-Блоньскай, на якой абмеркавалі становішча палітвязняў, пазоў Літвы супраць Лукашэнкі і падтрыманне «Белсату».
У сустрэчы з беларускага боку таксама ўзялі ўдзел намеснік кіраўніцы, прадстаўнік у справе транзіту ўлады АПКБ і кіраўнік НАУ Павел Латушка, прадстаўніца АПКБ у справе нацыянальнага адраджэння Аліна Коўшык і спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава.
На сустрэчы бакі абмеркавалі дзейнасць парламенцкай групы «За дэмакратычную Беларусь» у Сейме і Сенаце Польшчы (пасля абрання Міхала Шчэрбы ў Еўрапарламент месца старшыні групы робіцца вакантным).
Асобна была закранутая сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў Беларусі. Кіраўніцтва Кабінету заклікала міністра юстыцыі Адама Боднара, які таксама браў удзел у сустрэчы, працягваць намаганні ў вызваленні палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

Удзельнікі таксама абмеркавалі падтрыманне беларускіх культурных ініцыятываў, школаў і беларускай меншасці на Падляшшы, а таксама «Белсату».
Сярод тэмаў – пазоў Літвы супраць рэжыму Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд, беларускія падзеі падчас старшынства Польшчы ў Еўразвязе, супраца з дэмакратычнымі сіламі і Каардынацыйнай радаю, а таксама непрызнанне выбараў у Беларусі, што ўлады плануюць правесці ў 2025 годзе.
Раман Шавель belsat.eu