4–5 кастрычніка ў Вільні праходзіць 13-ы Форум свабоднай Расеі. У ім бяруць удзел вядомыя расейскія апазіцыянеры і эксперты з Украіны ды краінаў Еўразвязу.
У праграме Форуму такія тэмы, як формула перамогі Украіны, кансалідацыя апазіцыйна настроеных расейцаў вакол падтрымання расейскіх добраахвотнікаў, якія ваююць у складзе ЗСУ, новыя выклікі сістэме міжнароднай бяспекі, актывізацыя ФСБ у Еўропе, крызіс расейскай палітэміграцыі і шляхі яго пераадолення, асаблівасці эканомікі доўгай вайны, а таксама праблема постпуцінскага ўладкавання Расеі, дэкаланізацыя.
Падчас адной з панэляў Форуму дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, сукіраўнік міжфракцыйнага дэпутацкага аб’яднання «За дэкаланізацыю Расеі» Алег Дунда выказаў меркаванне, што толькі на тэрыторыі Украіны ў вайне з Расеяй не перамагчы.
,,«Трэба разумець адну рэч: выйграць вайну пад Пакроўскам немагчыма. Пад Вугледарам немагчыма. А вось выйграць вайну на тэрыторыі Расейскай імперыі ці ў Беларусі – цалкам магчыма», – мяркуе дэпутат.
Паводле Дунды, вайна, якая цяпер ідзе ва Украіне, гэта «вайна Першай сусветнай, вайна рэсурсаў на знясіленне», у якой Расея гатовая выдаткаваць усё, у адрозненні ад партнёраў Украіны. Таму, на думку палітыка, Расея мае прыярытэт.
,,«Гэта нявыгадная для Украіны вайна. Нам, з нашым досведам і нашымі ведамі, трэба пераносіць і біць там, дзе расейская імперыя максімальна слабая, па самых уразлівых месцах, расхістваць яе з усіх бакоў. <…> Мой пункт гледжання – абсалютна важна пераносіць не толькі на тэрыторыю Бранску і Курску, але і ў Беларусь. Я глыбока ўпэўнены: калі зойдзем адносна невялікімі падраздзяленнямі ў Беларусь, беларуская армія складзе сваю зброю. А гэта вялікі ўдар пад дых Маскве – паказаць, што яна не кантралюе гэтыя тэрыторыі, не гатовая абараняць іх. Фактычна, гэта гісторыя «а-ля Прыгожын». <…> Мы не мусім спыняцца, мы мусім пашыраць гэтыя аперацыі. Любое прыпыненне ў гэтым кірунку пагражае гібеллю».
У каментары «Белсату» Дунда зазначыў, што для правядзення ў Беларусі гэткай жа аперацыі, як у Курскай вобласці, трэба, каб хтосьці «быў у абозе», каб нехта з беларусаў быў гатовы ўзяць на сябе ўладу і кіраванне тэрыторыямі.
«Проста акупацыйная аперацыя не мае сэнсу. Гэта мусіць быць супольная аперацыя з партнёрамі, з прадстаўнікамі беларускай грамадскасці. <…> Патрэбны лідар, які будзе ісці фактычна з нашай арміяй і якога беларусы будуць гатовыя прыняць, бо мы – не акупанты і не павінны кіраваць Беларуссю. Беларуссю мусяць кіраваць самі беларусы», – зазначае ўкраінскі палітык.
Такім лідарам можа быць Святлана Ціханоўская ці хтосьці іншы – прынцыповай розніцы тут няма, на думку Алега Дунды. Галоўнае, каб гэтага лідара падтрымалі замежныя партнёры і каб грамадства прыняла яго на час да правядзення дэмакратычных выбараў.
Украінскі дэпутат выказаў сумневы, што беларуская армія хоча ваяваць, што ў яе ёсць маральная гатовасць да гэтага, у адрозненні ад украінскай, якая адчувае маральную адказнасць за сваю краіну і таму ваюе трэці год з абмежаванымі рэсурсамі.
Таксама Дунда перакананы, што беларускае грамадства не будзе аказваць супраціву ўкраінскай аперацыі:
,,«Паводле тых сацыяльных тэндэнцыяў, што ёсць, калі беларускае грамадства абсалютна аморфнае, можна сказаць, што ніякага пратэсту супраць такіх ваенных дзеянняў не будзе. Бо калі б была нейкая грамадская пазіцыя, нават у дачыненні Лукашэнкі, яна праявілася б, а яе няма. Фактычна, беларусы не гатовыя праяўляць сваю пазіцыю, таму пры магчымай аперацыі ў Беларусі гэтай пазіцыі таксама не будзе».
Ці падзяляе ва ўкраінскай уладзе яшчэ хтосьці ягоную пазіцыю, Алег Дунда не ўдакладніў.
Форум свабоднай Расеі – найбуйнейшая пляцоўка расейскай апазіцыі, заснаваная ў 2016 годзе. Ён аб'ядноўвае прадстаўнікоў расейскай грамадскасці як у Расеі, так і за мяжою, якія займаюць бескампрамісную пазіцыю ў стаўленні да рэжыму Пуціна і выступаюць за поўны дэмантаж пуцінскай дыктатуры, аднаўленне тэрытарыяльнай цэласці Украіны і вызваленне ўсіх акупаваных Расеяй тэрыторыяў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu