навіны

Лідар у распаўсюдзе ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі цяпер ужо не Светлагорскі раён

ВІЧ
Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: iStock
podpis źródła zdjęcia

Стаўся вядомы самы праблемны раён Гомельскай вобласці ва ўзроўні распаўсюду ВІЧ, піша «Флагшток».

Другі год запар найбольш сур'ёзная эпідэміялагічная сітуацыя складваецца не ў Светлагорскім раёне, што «лідзіраваў» цягам дзесяцігоддзяў. Галоўны асяродак захворвання на ВІЧ-інфекцыю ў Гомельскай вобласці перамясціўся ў Нараўлянскі раён. Гэта вынікае з ліста Гомельскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, адрасаванага лякарням вобласці. Копія гэтага ліста з грыфам «для службовага карыстання» аказалася ў рэдакцыі «Флагштоку».


Гомельская вобласць агулам лідзіруе ў Беларусі ў колькасці зафіксаваных выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Са студзеня да жніўня 2024 года ў вобласці былі выяўленыя 259 выпадкаў заражэння. Гэта на два менш, чым летась. На долю Гомельскай вобласці прыпадае 30 % усіх выпадкаў захворванняў, што выяўляюцца ў краіне.


За ўвесь перыяд назіранняў, пачынаючы з 1987 года, самым праблемным рэгіёнам значыўся Светлагорскі раён, на які прыпадае траціна ўсіх выяўленых захворванняў за ўвесь час – 4576 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі (60 чалавек у разліку на 1000 жыхароў).


Другое месца ў вобласці паводле ступені распаўсюду ВІЧ-інфекцыі займае Кастрычніцкі раён. Тут за ўвесь час былі зафіксаваныя 400 выпадкаў (31 чалавек у разліку на 1000 насельніцтва).


У тройку найбольш праблемных рэгіёнаў таксама ўваходзіць Жлобінскі раён, дзе за ўвесь час былі выяўленыя 1974 выпадкі (20 чалавек у разліку на 1000 насельніцтва).


Апошнія два года найбольшая колькасць выпадкаў у разліку на 100 тысяч насельніцтва фіксуецца ў Нараўлянскім раёне.


За 8 месяцаў 2024 года ў Нараўлянскім раёне зафіксавана ўсяго 7 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. Аднак у разліку на колькасць жыхароў гэта дае найбольшы паказнік – 67 чалавек на 100 тысяч насельніцтва.


Ранейшы «лідар», Светлагорскі раён, значна саступае паводле ступені распаўсюду захворвання. Тут у гэтым годзе быў зафіксаваны 31 выпадак (41 асоба ў разліку на 100 тысяч насельніцтва).


У тройку найбольш праблемных рэгіёнаў у 2024 годзе ўваходзіць Рэчыцкі раён, дзе зафіксаваныя 37 выпадкаў (40 чалавек у разліку на 100 тысяч насельніцтва).


Агулам у краіне за 8 месяцаў 2024 года зарэгістраваныя 862 выпадкі ВІЧ-інфекцыі, паказнік захворвання ніжэйшы за аналагічны перыяд 2023 года на 13,8 % і складае 9,4 выпадку на 100 тысяч насельніцтва (за 8 месяцаў 2023 года – 10,9 выпадку на 100 тысяч насельніцтва).


Паводле кумулятыўных звестак, станам на 1 верасня 2024 года ў Беларусі зарэгістраваныя 35 962 выпадкі ВІЧ-інфекцыі.


Найменш выпадкаў заражэння за 8 месяцаў 2024 года – у Гарадзенскай вобласці (61 ці 6,1 асобы на 100 тысяч насельніцтва) і ў Віцебскай (64 выпадкі (5,9 на 100 тысяч насельніцтва).


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10