Будаўніцтва ўмацаванняў на мяжы з Беларуссю і Расеяй, прадугледжанае праграмаю «Шчыт Усход», распачнецца ў Польшчы напрыканцы 2024 года, паведаміў падчас прэс-канферэнцыі Міністэрства абароны 4 кастрычніка намеснік міністра нацыянальнай абароны Польшчы Цэзары Томчык.
«Шчыт Усход» будзе каштаваць Польшчы каля 10 мільярдаў злотых (амаль 2,5 мільярда долараў). Умацаванні ахопяць Паморскае, Вармінска-Мазурскае, Люблінскае, Падляшскае і Падкарпацкае ваяводствы.
,,«Я хацеў бы публічна паведаміць, што ў найбліжэйшыя тры тыдні мы маем правесці першыя выпрабаванні элементаў «Шчыту Усход» на польскіх вайсковых палігонах, а напрыканцы гэтага года распачнём будаўніцтва першых элементаў шчыту на паўночнай і ўсходняй межах Польшчы», - паведаміў Томчык.
У будаўніцтве будуць браць удзел брытанскія і амерыканскія войскі, Літва, Латвія, Эстонія. Праект плануецца завяршыць да 2028 года. У яго межах будуць пабудаваныя ўмацаванні і натуральныя перашкоды на мясцовасці. На некаторых участках мяркуецца размяшчэнне мінных палёў, фізічных бар’ераў на тып бетонных супрацьтанкавых рагачоў і ліній абароны з бетоннымі блокамі.
«Нацыянальная праграма «Шчыт Усход» – гэта адно з заданняў, што перад намі паставіў прэм'ер-міністр Дональд Туск. <...> Мы засталі плот, што мусіў быць абаронаю перад тым, што нам можа пагражаць з Усходу, алё ён аказаўся дзіравым, як сіта. <...> Мы хочам, каб усходняя і паўночная мяжа Польшчы была не толькі найлепшай умацаванай мяжою ў Еўропе, але і самай сучаснай мяжою ў Еўропе», – заявіў намеснік міністра абароны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu