Дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў Украіны, якіх прывозяць у Беларусь нібыта на адпачынак, перавыхоўваюць і мілітарызуюць у інтарэсах расейскай дзяржаўнай палітыкі, выкараняюць у іх украінскую нацыянальную ідэнтычнасць, сцвярджаюць аўтары адмысловай справаздачы «Скрадзенае дзяцінства».
Справаздачу супольна падрыхтавалі арганізацыя «Freedom House», праваабарончы цэнтр «ZMINA», Рэгіянальны цэнтр у справах правоў чалавека і праваабарончы цэнтр «Вясна». Звесткі пра дзяцей, якіх перамясцілі ў Беларусь, прадставіў «BELPOL».
Паводле аўтараў даследавання, Лукашэнка асабіста заклаў падмурак для перасялення ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, а створаны ім у краіне рэжым рэалізуе расейскую дзяржаўную палітыку знішчэння ўкраінскай ідэнтычнасці праз ідэалагічнае апрацоўванне дзяцей.
У справаздачы звяртаецца ўвага, што падпісаны Лукашэнкам у 2021 годзе ўказ «Аб арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей з Данбасу» стварыў прэцэдэнт актыўнага ўдзелу беларускага рэжыму ў перамяшчэнні, перавыхоўванні і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей.
Падчас аналізу справаў украінскіх дзяцей, якія засталіся без бацькоў, даследчыкі знайшлі як мінімум траіх, чыё перамяшчэнне можна кваліфікаваць як дэпартацыю.
Арганізацыі, што займаюцца навучаннем і адпачынкам украінскіх дзяцей у Беларусі, сфакусаваныя на распаўсюдзе расейскай прапаганды, што дэманізуе ўкраінскі народ. З дзецьмі камунікуюць на расейскай мове і ідэнтыфікуюць іх як «рускіх» ці «грамадзянаў Расеі».
Найбольш актыўна перамяшчэнне адбывалася на працягу 2022/23 навучальнага года, не ўлетку, што супярэчыць абвешчанай мэце аздараўлення, гаворыцца ў справаздачы.
Украінскіх дзяцей у Беларусі мілітарызуюць, што ёсць мэтай іхняга перамяшчэння, сцвярджаюць аўтары справаздачы. Дзецям з акупаваных тэрыторыяў у беларускіх установах рэгулярна паказваюць кантэнт, што прапагандуе службу ва Узброеных сілах Расеі, праслаўляе ролю СССР у Другой сусветнай вайне, праводзіць паралелі паміж той вайною і вайною Расеі супраць Украіны.
,,«Гэта не выпадковасць, што мэта – менавіта дзеці, а не дарослыя. Расейская сістэма пабудаваная так, каб зрабіць з іх расейскіх грамадзянаў, у прыватнасці, будучых салдатаў Узброеных сілаў РФ. І Беларусь гэта рэалізуе. Калі яны ў Беларусі ці Расеі, да іх ставяцца як да расейскіх дзяцей, а павінны ставіцца як да ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў», – зазначае ў каментары «Deutsche Welle» сааўтарка справаздачы, прадстаўніца Цэнтру правоў чалавека «ZMINA» Анісія Сінюк.
Паводле справаздачы, фінансуе вываз дзяцей і іхнае ідэалагічнае апрацоўванне і мілітарызацыю Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі. Беларускія ўлады прасоўваюць расейскую палітыку ў дачыненні ўкраінскіх дзяцей праз арганізаваныя ўрадам няўрадавыя арганізацыі – GONGO. Да людзей, якія зрабіліся саўдзельнікамі ў перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей, далучаюцца беларускія і расейскія чыноўнікі, чыноўнікі Саюзнай дзяржавы, акупацыйныя ўлады ва Украіне.
Аўтары даследавання просяць замежныя ўрады, урад Украіны, Міжнародную кааліцыю ў справе вяртання ўкраінскіх дзяцей, міжнародных донараў і грамадзянскую супольнасць заклікаць Міжнародны крымінальны суд распачаць расследаванне перамяшчэння, ідэалагічнага апрацоўвання і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей уладамі Беларусі і выдаць ордары на арышт наступных асобаў: Аляксандра Лукашэнкі, дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі Дзмітрыя Мезенцава, старшыні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, прэм’ер-міністра Расеі Міхаіла Мішусціна і беларускага спартоўца-паралімпійца Аляксея Талая.
Таксама даследчыкі заклікаюць працаваць над стварэннем адзінага міжнароднага механізму ў спрыянні вяртанню ўкраінскіх дзяцей ва Украіну і выступаюць за ўвядзенне і прыняцце санкцыяў у дачыненні службовых асобаў Беларусі і Саюзнай дзяржавы, задзейнічаных у перасяленні ўкраінскіх дзяцей.
Праваабаронцы, якія працавалі над справаздачай, ідэнтыфікавалі 2219 дзяцей, перамешчаных з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь з 2021 года па чэрвень 2024-га. Большасць – пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Як найменш 27 украінскіх дзяцей з Беларусі потым перамясцілі ў Расею. Колькі дзяцей вярнуліся ва Украіну, даследчыкам невядома.
Марыя Міхалевіч belsat.eu