У рэгіёнах Беларусі прайшлі нарады, прысвечаныя прэзідэнцкім выбарам, якія, імаверна, адбудуцца ў лютым 2025 года, піша «Наша Ніва» са спасылкай на ўласныя крыніцы з двух розных гарадоў.
На нарадах перад сілавікамі былі пастаўленыя задачы «прафілактаваць» усіх, хто можа пратэставаць перад выбарамі ці ў час галасавання.
Складзеныя спісы тых, хто падлягае прэвентыўным ператрусам і затрыманням, так званыя «першы і другі спісы». У «першы спіс» уваходзяць раней асуджаныя па адміністрацыйных ці крымінальных артыкулах. У «другі спіс» - людзі, што раней не прыцягваліся да адказнасці па палітычных матывах, але якія лічацца патэнцыйна нелаяльнымі.
Прыходзіць да людзей з першага спісу пачнуць ужо ўвосень. Найбольш інтэнсіўныя рэпрэсіі запланаваныя на снежань - студзень — бліжэй да выбараў.
,,«Калі ў чалавека ў тэлефоне няма падпісак — падпісаць. Калі трэба — прынесці сцяг і сфатаграфаваць у кватэры», — цытуе атрыманыя ўказанні крыніца «Нашай Нівы».
Таксама перад выбарамі мае адбыцца «адпрацоўка прадпрыемстваў» - праверка тэлефонаў і затрыманні на працоўных месцах. Спісы такіх установаў і заводаў ужо вызначаныя.
Марыя Міхалевіч belsat.eu