На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны праект закону аб рэспубліканскім бюджэце на 2025 год. Дакумент унесены на абмеркаванне дэпутатаў. На якія сферы ў ім закладзеныя найбольшыя расходы?
Бюджэт зноў дэфіцытны
Даходы рэспубліканскага бюджэту ў 2025 годзе плануюцца на ўзроўні 45,835 мільярдаў рублёў – на 14,9% больш, чым у 2024 годзе.
Расходы перавысяць даходы і складуць амаль 50,3 мільярды рублёў – на 12,6% больш, чым сёлета. Дэфіцыт бюджэту складзе 4,46 мільярдаў рублёў – на 6,1% менш, чым у бягучым годзе.
Даходы ад падаткаў запланаваныя ў памеры 34,48 мільярдаў рублёў, з іх падаткі на даходы і прыбытак – 2,8 мільярдаў рублёў. Падаткавыя даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці павінны скласці 8,01 мільярдаў рублёў, іншыя падаткі, зборы і даходы – 736,06 мільярдаў рублёў.
Налета ў бюджэт мусяць паступіць 247,15 мільёнаў рублёў ад штрафаў і спагнанняў, што на 35 мільёнаў больш, чым у 2024 годзе.
Плануецца сфармаваць дадатковы рэзервны фонд прэзідэнта ў памеры амаль 601,1 мільёнаў рублёў. Агульны памер прэзідэнцкага фонду складзе 1,01 мільярдаў рублёў – на прыкладна 10 мільёнаў рублёў больш, чым сёлета.
Бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаваў складуць 4,37 мільярдаў рублёў.
Колькі атрымаюць сілавыя органы?
У наступным годзе будуць расці расходы на нацыяльную абарону, судовую ўладу, праваахоўныя органы, забеспячэнне бяспекі. Бюджэт на гэтыя сферы вырасце на 1,82 мільярды рублёў у параўнанні з бюджэтам 2024 года.
На нацыянальную абарону налета ў Беларусі хочуць выдаткаваць 4,73 мільярды рублёў, з іх 4,47 мільярдаў – на абарону і ўзброеныя сілы, амаль 145 мільёнаў – на забеспячэнне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі.
На дзяржаўныя органы ў 2025 годзе плануецца прызначыць 1,365 мільярдаў рублёў, на міжнародную дзейнасць – 436,74 мільярдаў рублёў, на правядзенне выбараў і рэферэндумаў – 54,145 мільёнаў рублёў.
На судовую сістэму, праваахоўныя органы і забеспячэнне бяспекі пойдзе 5,344 мільярдаў рублёў. З іх на органы ўнутраных справаў – 2,056 мільярдаў рублёў (на 300 мільёнаў больш, чым сёлета), на органы пракуратуры – 198,4 мільёны рублёў (+36,8 мільёнаў рублёў), на органы дзяржаўнай бяспекі – 454,8 мільёнаў рублёў (+62 мільёны рублёў), на органы судовай улады – 251,49 мільёна рублёў (+33 мільёны рублёў).
Найменш грошай – на адукацыю
На нацыянальную эканоміку выдзяляюць 7,59 мільярдаў рублёў. У тым ліку: на сельскую гаспадарку – 1,04 мільярды, на прамысловасць, будаўніцтва і архітэктуру – 3,145 мільярдаў, на транспарт – 270,48 мільёнаў, паліва і энергетыку – 393,3 мільёны, ЖКГ – 9,14 мільёны.
На ахову здароўя ў новым бюджэце прадугледжана 2,78 мільярдаў рублёў (на 390 мільёнаў больш за 2024 год).
На сродкім масавай інфармацыі выдзеляць 180,84 мільёны рублёў, з які 150,43 мільёны атрымаюць радыё і тэлебачанне, 7,076 мільёнаў – друкаваныя смі і выдавецтвы.
На адукацыю ў бюджэце закладаецца 2,177 мільярдаў рублёў.
Даходы бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва запланаваныя на ўзроўні 32,775 мільярдаў рублёў. 25,89 мільярдаў рубёў пойдуць на выплату пенсіяў, 5,96 мільярдаў – на дапамогу па часовай непрацаздольнасці. 228,4 мільёны рублёў будуць прызначаныя на выплаты пенсіяў і дапамогі асобам, якія знаходзяцца за мяжой.
Амаль 42 мільёны рублёў пойдуць на забеспячэнне занятасці насельніцтва.
Марыя Міхалевіч belsat.eu