навіны

З 10 лістапада змяняецца сістэма ўезду-выезду ў Еўразвяз

Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: etias.com
Ілюстрацыйны здымак. Крыніца: etias.com
podpis źródła zdjęcia

10 лістапада запускаецца новая сістэма ўезду-выезду (EES) для вандроўнікаў, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Еўразвязу, паведамляе сайт Еўрапейскай сістэмы аўтарызацыі і інфармацыі аб вандроўцы (ETIAS). Запуск можа быць адкладзены да 17 лістапада, калі гэта спатрэбіцца.

Цяпер вандроўнікі з трэціх краінаў – уладальнікі візаў, а таксама тыя, што едуць па безвізу, будуць рэгістравацца ў аўтаматызаванай ІТ-сістэме кожны раз пры перасячэнні мяжы ЕЗ.

У сістэму будуць уносіцца імя, від праязнога дакументу, біяметрычныя дадзеныя, дату і месца ўезду і выезду, адмовы ва ўездзе. Дадзеныя будуць захоўвацца ў сістэме на працягу трох гадоў.

Каб паскорыць працэс рэгістрацыі ў сістэме, можна загадзя падаць некаторыя свае дадзеныя пра спецыяльнае абсталяванне ў пункце перасячэння мяжы ці ў мабільным прыкладанні. Новая сістэма павінна замяніць ручное прастаўленне штампаў у пашпартах, якое займае шмат часу, а таксама не дае дакладных дадзеных аб перасячэнні мяжы і не дазваляе сістэматычна выяўляць перавышэнне тэрміну знаходжання.

Чакаецца, што EES паспрыяе перадухіленню незаконнай міграцыі, а таксама дапаможа выяўляць перавышэнне тэрмінаў знаходжання і падробку дакументаў, а таксама зробіць памежны кантроль больш хуткім і зручным для вандроўнікаў. У сістэме не будуць рэгістраваць уладальнікаў дазволу на жыхарства ў краінах ЕЗ, картаў рэзідэнту, асобаў, якія з’яўляюцца блізкімі сваякамі грамадзянаў ЕЗ.

Запуск EES быў запланаваны на 2022 год, аднак неаднаразова зрываўся праз тэхнічныя праблемы і затрымкі з усталяваннем аўтаматычных бар’ераў на ўсіх міжнародных сухапутных, марскіх і паветраных межаў Шэнгенскай зоны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10