навіны

Настаўнік пра недахоп грошай на адукацыю ў Беларусі: Аснова рэжыму — сілавікі

Навучэнцы Ліцэю БДУ імя Ф. Дзяржынскага на вайсковых зборах. Фота: Лицей им. Ф.Э.Дзержинского БГУ / Telegram
Навучэнцы Ліцэю БДУ імя Ф. Дзяржынскага на вайсковых зборах. Фота: Лицей им. Ф.Э.Дзержинского БГУ / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі вельмі вялікі дэфіцыт настаўнікаў, і сітуацыя толькі будзе пагаршацца, упэўнены беларускі настаўнік Сяржук. Паводле яго, планы ўладаў выправіць сітуацыю не дапамогуць, а падвышэнне заробкаў будзе хутчэй сімвалічным.

Згодна са звесткамі афіцыйнай базы вакансіяў у Беларусі не стае ажно 900 настаўнікаў. На думку настаўніка Сержука, гэта вялікая лічба, якая перадусім уплывае «на якасць адукацыі, на якасць прадукту, які атрымоўваюць дзеці».

У Міністэрстве адукацыі заяўляюць, што найбольш у краіне бракуе настаўнікаў матэматыкі і фізікі. Суразмоўца звязвае гэта з тым, што менавіта выкладчыкі гэтых прадметаў могуць лягчэй за іншых уладкавацца ў сферу ІТ — як у Беларусі, так і за мяжой:

«Гэта іншы ўзровень даходу і зусім іншы ўзровень дабрабыту. Таму я думаю, што такая тэндэнцыя захаваецца».

На думку настаўніка, наўрад ці такі недахоп атрымаецца закрыць у найбліжэйшай перспектыве. Абяцанае ж уладамі падвышэнне заробкаў педагогаў праблему не вырашыць, бо «калі такія падвышэнні і будуць, яны будуць сімвалічнымі і невялікімі».

,,

«За ўсю гісторыю існавання школы ў лукашэнкаўскай Беларусі так было. Абяцалі падымаць заробкі, але ўсё гэта было вельмі сімвалічна. І гэта нават не перавышала узровень інфляцыі. Я думаю, што ў гэты раз тое самае будзе», — заявіў Сяржук.


Настаўнік мяркуе, што прыярытэтам для ўладаў з’яўляюцца сілавікі — «аснова рэжыму», і таму ўзровень дабрабыту настаўнікаў значна павышаць не будуць.

Сяржук выказаў думку, што праблему дэфіцыту кадраў будуць вырашаць дадатковай нагрузкай на тых, хто ўжо працуе. Але і гэта таксама адаб’ецца на якасці адукацыі.

«Яны будуць браць не толькі тое, што ўмеюць або мелі справу ўсё сваё жыццё, але і нейкія іншыя праблемы, з якімі яны не сутыкаліся да гэтага», — сказаў настаўнік.

Пры гэтым, на яго думку, падчас выбараў 2025 года педагогі зноў складуць асноўную частку выбарчых камісіяў.

Між тым праваабаронцы паведамляюць пра палітычны пераслед настаўнікаў з усёй краіны, якія былі ў тэлеграм-чаце праекту «Адукаванка». Там абмяркоўваліся заняткі, інавацыйныя тэхналогіі выкладання матэрыялаў і гэтак далей. Настаўнікаў затрымліваюць і выклікаюць на допыты ў КДБ.

«Адукаванка» — гэта некамерцыйная грамадзянская ініцыятыва. Яе асноўная мэта — стварыць пляцоўку, дзе будуць аб’яднаныя праблемы адукацыі, іх развязанні і людзі, гатовыя над імі працаваць. 17 верасня з’явілася інфармацыя, што КДБ яшчэ ў канцы жніўня прызнаў яе «экстрэмісцкім фармаваннем».

Віталь Бабін, Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10