Банк паведаміў, што разбіраецца ў дакуменце санкцыяў, але пакуль ацаніў іх уплыў як «непрыкметны».
«Бачым вашыя хваляванні на фоне навінаў, што Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі супраць «Альфы». Нашыя карты і сервісы працягваюць працаваць у стандартным рэжыме. Цяпер мы юрыдычна разбіраемся ў дакуменце санкцыяў: паводле папярэдняй ацэнкі, яны не акажуць прыкметнага ўплыву на нашую працу», – піша прэс-служба.
Банк паабяцаў трымаць кліентаў у курсе і аператыўна адказваць, «калі нешта зменіцца».
Нагадаем, што 3 кастрычніка Вялікая Брытанія абнавіла санкцыйны спіс па Беларусі, у яго трапіў і беларускі «Альфа-банк». Напісана, праз тое, што «бярэ або браў удзел у атрыманні выгады або падтрыманні ўраду Беларусі, ажыццяўляючы бізнес у сектары, які мае стратэгічнае значэнне для ўраду Беларусі, а менавіта – у сектары фінансавых паслуг».
Асноўная частка санкцыяў закранула расейскі «Альфа-банк», але і беларускаму таксама дасталася. Напрыклад, у 2022 годзе, пасля нападу Расіі на Украіну, беларускім кліентам «Альфа-банку» забаранілі любыя аперацыі ў даверным кіраванні, у тым ліку вывад сродкаў. Тады ж кліенты падалі пазоў супраць банку ў Вярхоўны Суд Беларусі – за парушэнне правоў спажыўцоў.
Тэса Анэйда belsat.eu