навіны

Карабах, санкцыі і не толькі. Што абмяркоўвалі Лукашэнка і прэм’ер Азербайджану і чаму не прыляцеў Аліеў

Алі Асадаў і Аляксандр Лукашэнка. Менск, 3 кастрычніка 2024 г. Фота: Фота: nk.gov.az
Алі Асадаў і Аляксандр Лукашэнка. Менск, 3 кастрычніка 2024 г. Фота: Фота: nk.gov.az
podpis źródła zdjęcia

2 кастрычніка ў Беларусь з афіцыйным візітам прыбыў прэм’ер-міністр Азербайджану Алі Асадаў. На наступны дзень ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і кіраўніком ягонага ўраду Раманам Галоўчанкам. Пры гэтым выглядае, што не далёка ўсе тэмы, якія абмяркоўвалі бакі, былі агучаныя публічна.

Аляксандр Лукашэнка 3 кастрычніка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Азербайджана Алі Асадавым. Паводле ягонай прэс-службы, самаабвешчаны прэзідэнт падзякаваў Баку за «каласальнае падтрыманне» на міжнародных пляцоўках. Ён звярнуў увагу, што Азербайджан адносіцца да ліку найбольш блізкіх для рэжыму краін разам з Расеяй.

«Пры гэтым мы не парушаем ніякія нормы міжнароднага права, мы не сябруем супраць трэціх краін, мы робім сваю справу ў імя нашых народаў», — сказаў Лукашэнка, назваўшы ўзаемадзеянне дзвюх краін «добрым перапляценнем міждзяржаўных і асабістых стасункаў».

Ён адзначыў неабходнасць рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых паміж бакамі падчас візіту Лукашэнкі ў Азербайджан у траўні 2024 года. Паводле яго, «трэба сёння хутчэй, хутчэй, бо час такі».

У сваю чаргу прэм’ер-міністр ад імя прэзідэнта Азербайджана запрасіў Лукашэнку наведаць Канферэнцыю бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб змене клімату (COP29), якая адбудзецца ў лістападзе ў Баку. Палітык паабяцаў быць там.

Замяшчэнне імпарту і развіццё Карабаху

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада Азербайджана, візіт у Менск адбыўся на запрашэнне прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі. Беларускі прэм’ер адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых стасункаў афіцыйны візіт азербайджанскага прэм’ер-міністра ў Беларусь.

«Мы даўно дамаўляліся аб вашым візіце і вельмі шануем, што вы знайшлі час у шчыльным графіку», — цытуе Галоўчанку БелТА.

У сваю чаргу Асадаў запрасіў яго наведаць Азербайджан з афіцыйным візітам.

Бакі адзначылі істотны рост тавараабароту паміж краінамі, але не сышліся ў лічбах. Так, Галоўчанка заявіў, што ён за сем месяцаў 2024 года вырас больш як удвая да аналагічнага перыяду 2023 года. А Асадаў адзначыў, што па выніках васьмі месяцаў адбыўся рост аб’ёму ўзаемнага гандлю толькі на 39 %.

Паводле азербайджанскага прэм’ера, яны «грунтоўна абмеркавалі перспектывы нарошчвання ўзаемавыгаднай супрацы ва ўсіх сферах, якія маюць узаемную цікавасць». У прыватнасці, дамовіліся нарасціць намаганні для развіцця гандлёва-эканамічнай супрацы актывізаваць працу па павелічэнню аб’ёмаў узаемных паставак.

Галоўчанка адзначыў, што актывізаваныя пастаўкі ў Беларусь прадукцыі з Азербайджана ў мэтах замяшчэння імпарту тавараў з «недружалюбных» краін. 

,,

«Мы бачым істотную дынаміку ў імпарце з Азербайджану», — дадаў ён.


Бакі палічылі неабходным паглыбляць транспартна-транзітную супрацу. Прамысловае ўзаемадзеянне было ацэненае як асноўны напрамак двухбаковай супрацы, асаблівая ўвага была нададзеная стасункам Гянджынскага аўтамабільнага заводу з беларускімі машынабудаўнічымі прадпрыемствамі. Кіраўнікі ўрадаў адзначылі стабільнае развіццё супрацы ў аграрнай сферы і пацвердзілі гатовасць павялічыць узаемныя пастаўкі сельгаспрадукцыі.

Паводле звестак прэс-службы азербайджанскага ўрада, абмяркоўвалася «стварэнне аграгарадкоў на вызваленых тэрыторыях Азербайджана» — тых, што раней кантралявала самаабвешчаная армянская Нагорна-Карабахская рэспубліка.

«Мы дамовіліся працаваць у напрамку далейшага пашырэння і дыверсіфікацыі двухбаковага гандлю на раўнапраўных і ўзаемавыгадных умовах», — сказаў Галоўчанка, паабяцаўшы «пашыраць пастаўкі беларускіх тавараў у Азербайджан — тэхнікі, прадукцыі дрэваапрацоўкі, будаўнічых матэрыялаў, харчавання, фармацэўтычнай прадукцыі і гэтак далей».

Паводле Асадава, ёсць як напрамкі, якія патрабуюць неадкладнага ўмяшання ўрадаў і развязання ў паскораным рэжыме, гэтак і больш доўгатэрміновыя праграмы. Пры гэтым, паводле яго, Азербайджан цікавіць як сельскагаспадарчая беларуская тэхніка, гэтак і «спецыяльная».

«Больш пільнай увагі патрабуе праект па стварэнню ў Азербайджане сумеснай вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў, лакалізацыя вытворчасці беларускіх лекавых сродкаў, праца па пастаўцы ў Азербайджан вагонаў», — падкрэсліў Галоўчанка.

Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў. Фота: president.gov.by

Як Лукашэнка з Такаевым пасварыліся

навіны

«Што ёсць, тое ёсць»

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч у каментары «Белсату» выказаў меркаванне, што падчас візіту бакі абмяркоўвалі ўвесь комплекс дачыненняў, асабліва эканамічных. Ён нагадаў, што яшчэ ў траўні Лукашэнка «вельмі настойліва прасіў» прэзідэнта Азербайджана падключыцца да адбудовы Нагонага Карабаху.

Таксама Карбалевіч нагадаў, што ў краінаў ёсць шмат аспектаў двухбаковай супрацы, у тым ліку ў вайсковай сферы. 

«Магчыма, там сапраўды гаворка ішла пра падсанкцыйныя тавары, але пра гэта можна толькі меркаваць», — адзначыў палітычны аглядальнік.

Ён нагадаў, што паляпшэнне стасункаў Менску і Баку адбываецца на тле пагаршэння іх з Ерэванам:

«Бакі на даволі высокім узроўні абмяняліся рэзкімі заявамі. Лукашэнка ўвесь час крытыкуе кіраўніцтва Арменіі за тое, што яно аддаляецца ад Расеі і пачало паляпшаць стасункі з Захадам».

Пры гэтым Карбалевіч адзначыў, што калі раней Лукашэнка і кіраўнік Азербайджану Ільхам Аліеў наведвалі адзін аднаго па чарзе, то цяпер «гэтая чарговасць збілася». Беларускі палітык ужо двойчы быў у Баку, а Аліеў «чамусьці не едзе», а дасылае прэм’ер-міністра.

«Я думаю, што Лукашэнка б з большым імпэтам вітаў бы Аліева тут, але што ёсць, тое ёсць», — сказаў аглядальнік.

Макар Мыш, Віталь Бабін belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10